Беларуская Служба

Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікала донараў падтрымаць беларускія СМІ

29.01.2025 15:16
Дзясяткі незалежных СМІ ў больш чым 30 краінах могуць сутыкнуцца з фінансавымі праблемамі праз прыпыненне праграм падтрымкі Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці, гаворыцца ў заяве Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.
 .
Ілюстраційне фото. CC0 Domena publiczna

У ліку медыя, якія апынуліся ва ўразлівым становішчы, называюцца і беларускія, якія працуюць у выгнанні.

«Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікае ўсіх патэнцыйных еўрапейскіх донараў прыняць меры для кампенсацыі сыходу ЗША, у прыватнасці, для забеспячэння выжывання <…> СМІ», — гаворыцца ў заяве.

Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) — адно з найбуйнейшых афіцыйных агенцтваў дапамогі ў свеце.

Зараз яму даручана спыніць усе праекты пасля таго, як дзяржсакратар Марк Рубіа увёў 90-дзённую замарозку праграм дапамогі замежным дзяржавам. Гэтая мера закранае дзясяткі незалежных СМІ ў больш чым 30 краінах, пазбаўленых праграм падтрымкі ЗША па ўмацаванні прафесіяналізму журналістаў, фарміраванні навыкаў кіравання СМІ і прасоўванні свабодных і незалежных СМІ.

Агульная дырэктыва ўступіла ў сілу 24 студзеня. У выніку распараджэння прэзідэнта ЗША Трампа аб пераацэнцы і рэарганізацыі замежнай дапамогі Злучаных Штатаў міністр Рубіа прыпыніў усю замежную дапамогу ЗША. Гэтае распараджэнне распаўсюджваецца на ўсё бягучае фінансаванне, а таксама заяўкі.

«Кожны долар, які мы трацім, кожная праграма, якую мы фінансуем, і кожная палітыка, якую мы праводзім, павінны быць абгрунтаваны адказам на тры простыя пытанні», — дадаў Рубіа 26 студзеня.
EFJ заклікае еўрапейскіх донараў дапамагчы незалежным медыям, што засталіся без падтрымкі ЗША

Дзейнасць беларускіх незалежных журналістаў у выгнанні знаходзіцца пад пагрозай з‑за замарозкі дапамогі ЗША. Яны таксама заклікаюць еўрапейскіх донараў мабілізавацца.

Ва Украіне замарозка ЗША пакінула сотні замежных кантрактаў на аказанне дапамогі на суму больш за 70 мільярдаў долараў у падвешаным стане, паколькі працэс разгляду разгортваецца на працягу наступных 85 дзён. Таксама моцна пацярпелі ад замарожвання амерыканскіх субсідый журналісты ў Косаве: у аўторак мясцовым аператарам паведамілі, што праграмы падтрымкі СМІ і навучальныя курсы для журналістаў былі прыпыненыя. 28 студзеня EFJ даведалася, што рашэнне ЗША таксама закранае асноўныя міжнародныя праграмы, прысвечаныя бяспецы журналістаў.

«Відавочна, што Дональд Трамп мае намер перафарміраваць апарат замежнай дапамогі ЗША ў адпаведнасці са сваёй праграмай «Амерыка перш за ўсё», выклікаючы хаос у экасістэме СМІ больш чым у трыццаці краінах па ўсім свеце, у тым ліку ў многіх краінах Еўропы», — сказала прэзідэнтка EFJ Мая Север.

«Мы заклікаем еўрапейскія інстытуты і фонды мабілізаваць і каардынаваць свае дзеянні для абароны плюралізму СМІ і падтрымкі незалежнай журналістыкі як найлепшага проціяддзя ад дэзінфармацыі. Еўрасаюз і іншыя донары не могуць кінуць на волю лёсу журналістаў, якія з’яўляюцца найлепшым сродкам для абароны вяршэнства права і дэмакратыі ў краінах, дзе яны знаходзяцца пад пагрозай».

baj.media/вх