Беларуская Служба

Расія абмежавала прыток таджыкаў. Яны цяпер спрабуюць трапіць туды праз Беларусь

03.02.2025 09:34
Уезд у Расію цераз аэрапорт або наземныя граніцы з прылеглымі краінамі азначае для таджыка абавязковы допыт.
.
Ілюстрацыя. фота: Pixabay.com/Clker-Free-Vector-Images

Пасля леташніх расстрэлаў у маскоўскім ГЦ «Крокус», у Расіі змянілася стаўленне да працоўных мігрантаў з Таджыкістана. Пуцінскія спецслужбы бачаць у нізкаадукаваных, бедных, але рэлігійных таджыкскіх мігрантах патэнцыйную пагрозу бяспецы і рознымі шляхамі абмяжоўваць прыток. Што робяць тыя ў адказ? Купляюць квіткі да Мінска - піша «Наша Ніва».

Стаўленне да таджыкаў у Расіі абвастрылася пасля леташняга тэракту ў «Крокусе», дзе чацвёра грамадзян Таджыкістана забілі 145 наведнікаў канцэрту. Але тэракт у Маскве — толькі частка больш шырокай карціны ўдзелу грамадзян Таджыкістана ў забойствах на рэлігійнай глебе.

У тым жа 2024 годзе двое таджыкаў сталі выканаўцамі тэракту ў іранскім Кермане, Талібан называе грамадзян Таджыкістана асноўнымі выканаўцамі тэрактаў у Афганістане апошніх гадоў.

Складаная сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Таджыкістане, дамінаванне радыкальных адгалінаванняў ісламу, немагчымасць кантраляваць граніцы робяць гэтую краіну ўразлівай перад джыхадысцкімі ідэямі. Адыгрываюць ролю і высокія тэмпы прыросту насельніцтва. Пасля развалу СССР у краіне жыло трохі больш за 5 мільёнаў чалавек, а цяпер — 10 мільёнаў.

На гэтым фоне краіна стала адным з асноўных донараў нізкакваліфікаванай працоўнай сілы для Расіі.

Але пасля 22 сакавіка 2024 стаўленне расійскай дзяржавы менавіта да таджыкаў пастрожылася. Рабочых з гэтай краіны паліцэйскія адлоўлівалі і высылалі дадому падчас міграцыйных рэйдаў, пагранічнікі пачалі ставіць забароны на ўезд у Расію і ўскладнялі перасячэнне мяжы, улады раілі бізнесу замяняць таджыкскіх работнікаў менш рэлігійнымі кіргізамі і ўзбекамі.

Пры ўсім гэтым расійскі рынак працы мае патрэбу ў працоўнай сіле і не можа замясціць таджыкаў у кароткі час. Дый не ўсім працадаўцам такая перасцярога ў прынцыпе патрэбна, таму яны працягваюць запрашаць на працу грамадзян гэтай краіны.

Уезд у Расію цераз аэрапорт або наземныя граніцы з прылеглымі краінамі азначае для таджыка абавязковы допыт, праверку дэвайсаў і гэтак далей. Іншымі словамі — забірае шмат часу і не абяцае 100% уезду ў Расію.

Працадаўцам нявыгадна афіцыйна афармляць таджыкаў, якім для ўезду не патрабуецца віза. Хаця легальна знаходзіцца на тэрыторыі Расіі яны могуць толькі 90 сутак у год.

Такім чынам, як кажуць суразмоўцы «Нашай Нівы», бязвізавы рэжым Беларусі і Расіі стварае магчымасці для тых грамадзян Таджыкістана, якія хочуць або працягваюць нелегальна працаваць у Расіі.

Прамых рэйсаў паміж Душанбэ і Мінскам няма. Мігранты выкарыстоўваюць маршруты з іншых цэнтральнаазіяцкіх краін.

«Па прылёце ў Мінск і праходу беларускай граніцы яны потым едуць у Расію наземным транспартам, які арганізоўвае будаўнічая кампанія. Ёсць магчымасць, па-першае, трапіць да месца работы, па-другое — зрабіць гэта хутчэй, а ў самым лепшым выпадку — увогуле не сустрэцца з расійскімі пагранічнікамі. А ў выпадку размовы з паліцыяй паспрабаваць схаваць рэальны дзень прыезду ў Расію: «Увесь гэты час у Беларусі працавалі, вось толькі ўчора ў Маскву прыехалі», — патлумачыў «Нашай Ніве» блізкі да сферы суразмоўца.

Пры гэтым суразмоўца ўдакладняе, што расійскі бок, безумоўна, ведае пра шлях. І ў Беларусі, як і ў Расіі, таджыкі ў большасці выпадкаў праходзяць цераз сілавіка, які высвятляе мэты візіту і спрабуе разабрацца ў асобе чалавека.

«Ёсць выпадкі, калі разварочваюць нават у Беларусі», — рэзюмуе суразмоўца.

нг