Беларуская Служба

ЦВК агучыў афіцыйныя вынікі выбараў прэзідэнта Беларусі, не прызнаных у свеце

03.02.2025 11:54
Дзясяткі краін свету не прызналі выбараў і, адпаведна, Лукашэнку легітымным кіраўніком дзяржавы.
Збор подпісаў за Лукашэнкукрыніца: elections2025.spring96.org

Трэцяга лютага ў Мінску агучылі афіцыйныя вынікі выбараў прэзідэнта Беларусі. Яны адбыліся 26 студзеня і, на думку праваабаронцаў, прайшлі ў атмасферы запалохвання. Дзясяткі краін свету не прызналі выбараў і, адпаведна, Лукашэнку легітымным кіраўніком дзяржавы.

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Ігар Карпенка заявіў, што за прэзідэнцкай кампаніяй ажыццяўлялі назіранне 44 тысячы 361 нацыянальны, а таксама 486 замежных (міжнародных) назіральнікаў з 52 краін свету. Былі і назіральнікі з краін Еўрасаюзу, напрыклад Германіі, Чэхіі, Славакіі, Іспаніі, Бельгіі і іншых, але не ад афіцыйных дэлегацый.

На выніковым пасяджэнні ЦВК прысутнічалі ўсе 12 сяброў камісіі. Перад агучваннем канчатковых вынікаў усе кіраўнікі абласных выбарчых камісій адзначылі, што выбары нібыта прайшлі ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, многія зазначылі, што вельмі высокай была яўка тых, хто галасаваў упершыню.

Канчатковыя вынікі, якія агучыла ЦВК:

Аляксандр Лукашэнка — 5 136 293 галасы (86,82%),
Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў,
Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы,
Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў,
Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.

3 лютага ўрад Беларусі склаў паўнамоцтвы, як гэта робіцца пасля выбараў, адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер Раман Галоўчанка.

Па заканчэнні выбараў у Беларусі 26 студзеня 38 дзяржаў – удзельніц АБСЭ прынялі супольны дакумент з іх ацэнкай. Яны заявілі, што выбары ў краіне не былі свабоднымі і не адпавядалі стандартам АБСЭ. Заяву падпісалі Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Іспанія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Нямеччына, Партугалія, Польшча, Румынія, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швецыя, Эстонія.

Да заявы таксама далучыліся: Албанія, Андора, Аўстрыя, Боснія і Герцагавіна, Ліхтэнштэйн, Мальта, Паўночная Македонія, Сан-Марына і Швейцарыя.

Экспертная місія па назіранні за выбарамі 2025 году ў Беларусі апублікавала сваю папярэднюю справаздачу. Місія была арганізаваная Беларускім Хельсінкскім камітэтам і праваабарончым цэнтрам «Вясна». У справаздачы адзначаецца, што сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся на фоне глыбокага крызісу правоў чалавека, выкліканага рэпрэсіямі пасля мірных пратэстаў супраць фальсіфікацый на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах 2020 году.

Праведзены экспертнай місіяй маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі ў Беларусі дазваляе зрабіць выснову, што гэтыя выбары не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства Беларусі, гаворыцца ў справаздачы.

Крыніца: Свабода

нг