Беларуская Служба

На Парламенцкую асамблею АБСЕ прыедуць прадстаўнікі беларускай улады

19.02.2025 12:09
Пасяджэнне Парламенцкай асамблеі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ) рыхтуецца на 21-22 лютага. 
      ,
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, АБСЕFoto: youtube/screen

Рыхтуецца 24-я сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Ад Беларусі там будуць толькі прадстаўнікі ўладаў, якіх летась туды не запрасілі. А вось прадстаўнікі беларускай апазіцыі, як чакаецца, на сесію не прыляцяць, паведамляе Радыё Свабода.

Пасяджэнне Парламенцкай асамблеі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ) рыхтуецца на 21-22 лютага. Яно пройдзе ў аўстрыйскай сталіцы Вене.

Дэлегацыю Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь на сесіі ўзначаліць старшыня пастаяннай камісіі ў міжнародных справах Сяргей Рачкоў. Пры гэтым, як стала вядома, беларускага пытання на парадку дня зімовай сесіі не будзе.

Раней у АБСЕ асудзілі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 2025 году і назвалі іх недэмакратычнымі.

Акрамя пасяджэння Пастаяннага камітэту Парламенцкай асамблеі, у Вене адбудуцца пасяджэнні трох агульных камітэтаў у палітычных пытаннях і бяспецы, эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі, дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях, а таксама сумесныя пасяджэнні камітэтаў.

Прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных сілаў у Вену не прыедуць, даведалася Свабода. Паведамляецца, што гэта звязана з тым, што беларускае пытанне не будзе разглядацца.

Свабода/ав