Беларуская Служба

На сесіі СПЧ ААН адбудзецца інтэрактыўны дыялог па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

20.02.2025 12:01
Інфармацыю прадставіць спецыяльна створаная група незалежных экспертаў, якая нядаўна падрыхтавала свой першы даклад.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: fill/pixabay.com/CC0 Public Domain

На 58-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ), якая адкрываецца 24 лютага ў Жэневе, адбудзецца інтэрактыўны дыялог па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, паведамляе «Позірк».



Яго правядзенне запланаванае на 19 сакавіка разам з аналагічнымі мерапрыемствамі па КНДР і М’янме. Па двух згаданых краінах інфармацыю прадставяць адпаведныя спецдакладчыкі, а па Беларусі - спецыяльна створаная група незалежных экспертаў, якая нядаўна падрыхтавала свой першы даклад.

У ім, у прыватнасці, канстатуецца, што беларускі ўрад «здзейсніў шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва». Гэтыя парушэнні, на думку групы, з’яўляюцца «часткай жорсткіх намаганняў па падаўленні любой апазіцыі праўленню прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі». Пры гэтым «некаторыя з гэтых парушэнняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці».

Група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі была створана СПЧ 4 красавіка 2024 года «на ўзнаўляемы перыяд у адзін год» для расследавання і ўстанаўлення фактаў, абставінаў і карэнных прычын усіх меркаваных парушэнняў і ўшчамленняў правоў чалавека і парушэнняў, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, уключаючы іх гендарныя і ўзроставыя аспекты і іх уздзеянне на ахвяр і пацярпелых.

Склад групы быў вызначаны ў чэрвені 2024 года. У яе ўвайшлі дырэктар міжнароднага праекта па правах жанчын Сьюзан Базылі (Канада), загадчыца кафедры крыміналогіі юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Моніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расія; кіраўнік групы).

аз

На Парламенцкую асамблею АБСЕ прыедуць прадстаўнікі беларускай улады

19.02.2025 12:09
Пасяджэнне Парламенцкай асамблеі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ) рыхтуецца на 21-22 лютага.