У новым абнаўленні спісу, датаваным 19 лютага і апублікаваным 20 лютага, знаходзіцца 23-гадовая Віялета Вярбіцкая, дачка асуджаных Ірыны і Генадзя Саўрыцкіх. Іх судзілі летась у лістападзе і вынеслі вырак, паведамляе Свабода.
Ім пагражала да 12 гадоў за нібыта «распальванне варожасці». Але з прычыны закрытасці судовага пасяджэння прысуд грамадcкасці невядомы.
Сапраўдныя акалічнасці справы, падстава для арышту і далейшых судоў над сям’ёй таксама невядомыя. Прысуд выносіў Міхаіл Макарэвіч.
61-гадовы Генадзь Саўрыцкі родам з Мінску. Ён буйны прадпрымальнік. Валодае ААТ «Анастан» — кампаніяй, якая займаецца вытворчасцю пенапласту. Жонцы Саўрыцкага Ірыне 58 гадоў. Яна працавала спецыялісткай у продажах, а пасля менеджаркай у «Анастане».
У сям’і дзве дачкі. Адна з іх, Віялета, праходзіла ў справе з бацькамі. Яна скончыла школу ў Мінску, пасля паступіла ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў. Якраз яе КДБ унесла ў «спіс тэрарыстаў».
Ірына і Генадзь Саўрыцкія таксама змешчаныя ў «спіс тэрарыстаў». Такім чынам, з усёй сям'і толькі адна з дачок па-за спісаў КДБ.
Улады Беларусі пасля падзей 2020 году ўключаюць апанентаў рэжыму Лукашэнкі і палітвязняў у «спіс тэрарыстаў» з мэтай узмацнення палітычных рэпрэсіяў. У зняволенні ўключаныя ў гэты спіс людзі страчваюць магчымасці атрымання грашовых пераводаў і маюць іншыя абмежаванні.
Свабода/ав