Схему паказала расследаванне Беларускага расследавальніцкага цэнтру ў партнёрстве з літоўскім выданнем 15min.lt, латвійскім тэлеканалам TV3, украінскім праектам «Схемы» пры падтрымцы «Кіберпартызанаў», Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі і супольнасці ўкраінскіх хакераў KibOrg.
Попыт на беларускі рапсавы алей у Еўрасаюзе пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну вырас. Санкцыі не закранулі пастаўкі айчыннага харчавання і да сярэдзіны 2024 года яго можна было бесперашкодна ўвозіць у ЕС. Еўракамісія 1 ліпеня 2024 года ўвяла забароннае мыта на ўвоз збожжавых, насення алейных і прадуктаў іх перапрацоўкі з Расіі і Беларусі ў Еўрасаюз.
Краіны ЕС, па статыстыцы Еўрастату, за першае паўгоддзе 2024-га купілі ў Беларусі 90,4 тыс. тонаў рапсавага алею на €67,7 млн.
Свайго рапсу ў Беларусі не хапае, яго частку завозяць з Расіі. Аднак утойваецца інфармацыя, адкуль гэты рапс бярэ менавіта Расія.
Беларускае прадпрыемства «Аграпрадукту» ў 2023 годзе набыло алейнае насенне, вырашчанае ў тым ліку на акупаванай частцы Херсонскай вобласці. Толькі за жнівень з Херсоншчыны прадпрыемству паставілі каля 728 тонаў сыравіны. Рапсавы алей, выраблены ў тым ліку і з украінскага збожжа, беларускае прадпрыемства пастаўляла ў Еўрасаюз.
БРЦ/ав