Сейм Латвіі 20 лютага канцэптуальна падтрымаў праект новага закона, які забараняе грамадзянам Расіі і Беларусі купляць нерухомасць у Латвіі. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе латвійскага парламенту.
Купляць нерухомасць у Латвіі плануецца забараніць не толькі фізічным асобам, але і юрыдычным, якія зарэгістраваныя ў Расіі ці Беларусі, якія створаныя там, у якіх грамадзяне гэтых краін валодаюць не менш як 25% акцыяў (доляў) або ёсць сапраўднымі бенефіцыярамі. Забарона будзе распаўсюджвацца на здзелкі, заключаныя пасля набыцця законам моцы.
Аўтары дакументу адзначаюць, што паралельна з вайной ва Украіне Расія вядзе гібрыдную вайну супраць іншых дэмакратычных і суверэнных краінаў, якія не падтрымліваюць і асуджаюць ініцыяваную Расіяй агрэсію і падтрымліваюць Украіны ў змаганні з ёй, у тым ліку супраць Латвіі.
Паводле іх, адным з інструментаў неваеннага ўплыву Расіі і элементаў гібрыднай вайны ёсць ускоснае набыццё нерухомасці ў іншых краінах. Расія таксама выкарыстала знаходжанне сваіх грамадзянаў за мяжой як падставу для пачатку вайны, апраўдваючы свае ваенныя дзеянні абаронай уласных грамадзянаў. Сейм раней падкрэсліваў, што вайна супраць Украіны, развязаная памежнай з Латвіяй краінай – Расіяй – патрабуе надаць асаблівую ўвагу абароне нацыянальнай бяспекі Латвіі і падумаць пра новыя захады абароны нацыянальнай бяспекі.
Законапраект распаўсюджваецца на ўсе віды адчужэння і набыцця маёмасных правоў, уключаючы дамовы куплі, арэнды або арэнды з правам выкупу, дарэння, абмену, дамовы абслугоўвання, аўкцыёны, дамовы атрымання ў спадчыну і любыя іншыя віды здзелак, праз якія згаданыя асобы патэнцыйна могуць набыць нерухомасць у Латвіі. Патэнцыйнаму прадаўцу нерухомасці трэба будзе ацаніць, з кім ён заключае дамову куплі-продажу, а таксама ўлічваць наступствы, якія вызначаюць, што ў адпаведнасці з законам гэтая здзелка будзе несапраўднай.
Каб закон набыў моц, яго павінен прыняць Сейм яшчэ ў двух чытаннях.
Нагадаем, што найбуйнейшая парламенцкая фракцыя латвійскага Сейму «Новае адзінства», што ўваходзіць у кіроўную кааліцыю, прапанавала папраўкі да закону «Аб турызме», якія прадугледжваюць увядзенне забароны для пастаўнікоў турыстычных паслугаў рэпрэзентаваць і аказваць такія паслугі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і Беларусі.
Белсат/ав