Беларуская Служба

У Латвіі прапануюць увесці яшчэ адну забарону, якая тычыцца Беларусі

22.02.2025 08:56
Латвійская партыя «Нацыянальнае аб'яднанне» ўнесла на разгляд у Сейм краіны законапраект аб забароне пасажырскіх перавозак у Беларусь і Расію.
   -
Памежны пропуск на беларуска-латвійскай мяжыgpk.gpv.by

Раней мы паведамлялі, што ў латвійскім парламенце разглядаецца пытанне аб забароне прапаноўваць турыстычныя паездкі ў абедзве краіны.

Як агенцтву LETA паведамілі ў «Нацаб'яднанні», цяпер латвійскія кампаніі прапануюць дзевяць маршрутаў у Беларусь і Расію. Дэпутат партыі Яніс Вітэнбергс адзначыў, што, нягледзячы на ​​пастаянныя заклікі не ездзіць туды з улікам высокіх рызык вярбоўкі, разведкі і правакацый, грамадскія пасажырскія перавозкі працягваюцца, ствараючы пагрозу бяспецы, піша Delfi.lv.

Вітэнбергс таксама нагадаў, што на гэтых рэйсах перавозяцца санкцыйныя тавары. Таму, на яго думку, зносіны з Беларуссю і Расіяй павінны быць поўнасцю спынены, што дасць магчымасць павысіць бяспеку Латвіі і яе жыхароў.

Партыя падкрэсліла, што трэба пачаць перамовы з іншымі краінамі Балтыі, каб разам увесці падобную забарону.

Згодна з пададзеным Нацаб'яднаннем» законапраектам, Кабінет міністраў Латвіі павінен да 17 сакавіка падрыхтаваць распараджэнне аб закрыцці пагранічных пунктаў для грамадскага пасажырскага транспарту.

Раней народнагаспадарчая камісія латвійскага Сейма адобрыла прапанову забараніць пастаўшчыкам турыстычных паслуг рэкламаваць паездкі ў Беларусь і Расію.

Прадстаўніца Латвійскай асацыяцыі турагентаў і тураператараў Кітыя Цігуле расказала, што асацыяцыя ўжо заклікала сваіх членаў адмовіцца ад арганізацыі паездак у Беларусь і Расію. На гэты момант паездкі ў Расію не прапануе ніводны аператар, а паездкі ў Беларусь прапануюць тры-чатыры турфірмы.

20 лютага Сойм Латвіі ў першым чытанні адобрыў законапраект, які забараняе грамадзянам Беларусі і Расіі, а таксама звязаным з імі прадпрыемствам купляць нерухомасць у краіне.

Аўтары законапраекта тлумачаць гэта мерамі для абароны нацыянальнай бяспекі. 

вх