Дамова паміж Беларуссю і Расіяй аб гарантыях бяспекі, што дазваляе ствараць расійскія вайсковыя аб'екты ў Беларусі, была ратыфікаваная 26 лютага Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Законапраект аб ратыфікацыі дамовы павінен яшчэ быць ухвалены Саветам Рэспублікі і падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. Дзярждума РФ і Савет Федэрацыі зацвердзілі дамову, падпісаную 6 снежня 2024 года, 18 лютага і 26 лютага адпаведна, перадае ТАСС.
Дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае, што «з мэтай прадухілення і адбіцця актаў агрэсіі ў дачыненні Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь могуць стварацца вайсковыя і іншыя абʼекты Расійскай Федэрацыі, а таксама размяшчацца вайсковыя фармаванні Расійскай Федэрацыі».
Апрача таго, бакі будуць разглядаць узброены напад на любы з іх як акт агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы ў цэлым і будуць рабіць адпаведныя захады ў адказ з выкарыстаннем усіх сілаў і сродкаў, якія маюць у сваім распараджэнні. На дадатак, бакі разглядаюць ядзерную зброю РФ як тое, што «можа быць ужытае ў адказ на ўжыванне супраць любога з бакоў ядзернай зброі або іншых відаў зброі масавага паражэння, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць любога з бакоў з ужываннем звычайнай зброі, якая стварае крытычную пагрозу яго суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласці».
Пастанова аб ужыванні для «абароны Беларусі» размешчанай на яе тэрыторыі ядравай зброі Расійскай Федэрацыі прымаецца ў парадку, вызначаным бакамі.
Белсат/ав