Беларуская Служба

Пазняк навучыў сеціва новаму слову — «лапідарны». Як гэта здарылася?

20.03.2025 12:32
У беларускім твітары вучаць новае слова. Непасрэднае дачыненне да гэтага мае Зянон Пазняк.
Зянон Пазнякфота: Agnieszka Kamińska, PolskieRadio.pl

«Наша Ніва» піша, што ў канцы лютага 2025 года Зянон Пазняк апублікаваў пост, у якім выказаў падтрымку Дональду Трампу. Вось некалькі радкоў адтуль:

«Цяпер такі вэрхал дуракоў у палітыцы, што нават разумным людзям здаецца, быццам валіцца іхны прывычны свет (праўда, ён сапраўды валіцца). Але гэта якраз не здзіўляе. Уражліва здзіўляе лапідарная геніяльнасць Трампа, які хоча ў гэтым тупіковым разломе ўратаваць Амерыку, Еўропу і Украіну. І нават можа ўратаваць».

Многія звярнулі ўвагу на рэдкае слоўца, якое выкарыстаў Пазняк. «Лапідарны» тлумачыцца як «сціслы, але выразны, зразумелы».

Цяпер твітарскія выкарыстоўваюць пазнякоўскае слоўца з нагоды і без яе: «Стаміўся чакаць лапідарны каментар пра падзеі пятніцы». «А хто ў наш час не лапідарны». «Слова маргінэз вывучылі. Цяпер вучым слова лапідарны». «Там настолькі лапідарны тэкст, што ў мяне аператыўнай памяці не хапіла ў галаве, каб яго прачытаць».

Трэба дадаць, што выраз «lapidarny» здаўна існуе ў польскай мове. Ён азначае «кароткі і сціслы, эканомны ў словах, але пры гэтым змястоўны».

нг