Нацыянальнае агенцтва вышуку і менеджменту актываў Украіны (АРМА) 2 красавіка паведаміла аб продажы з аўкцыёну чарговай партыі канфіскаванага беларускага калію.
«Рэалізаваная прадукцыя вытворчасці ААТ «Беларуськалій», якая знаходзіцца ў 50 чыгуначных вагонах, агульны аб’ём 3 524 тоны хларыду калію. Агульная сума рэалізацыі склала 39,8 млн грыўняў (амаль 962 тысячы долараў ЗША), уключаючы мытныя сплаты 14,7 млн грыўняў. У рамках аўкцыёну стартавая цана вырасла амаль на 2,5 млн грыўняў», — гаворыцца ў паведамленні агенцтва.
Грошы, атрыманыя ад рэалізацыі беларускага калію, накіруюць у тым ліку на набыццё ваенных аблігацыяў для падтрымання Узброеных сіл Украіны.
28 сакавіка агенцтва ўжо прадало 50 вагонаў беларускага калію (3469 тон) за 887 тысяч долараў ЗША, а 3 сакавіка 61 вагон з беларускімі ўгнаеннямі прадалі за амаль 1,1 млн долараў ЗША, нагадвае «Свабода».
Раней, 30 студзеня, у Агенцтве вышуку і менеджменту актываў (АРМА) Украіны паведамілі аб рэалізацыі з аўкцыёну 2 357 тон угнаенняў, вырабленых «Беларуськаліем» і арыштаваных у чэрвені 2022 года за падтрымку Беларуссю расійскага ваеннага ўварвання. Як адзначаецца ў паведамленні АРМА, беларускія ўгнаенні прадалі за прыблізна 603 тысячы долараў у эквіваленце.
У студзені праз электронны аўкцыён ад продажу арыштаваных беларускіх угнаенняў атрымалі 112,6 мільёна грыўняў (больш за 2,5 мільёна долараў).
У канцы 2024 году ў АРМА паведамілі аб пачатку маштабнага продажу амаль 30,5 тысячы тон хларыду калію, якія на момант пачатку расійскага ваеннага ўварвання, падтрыманага Беларуссю, знаходзіліся на тэрыторыі Украіны і былі арыштаваныя.
аз