Беларуская Служба

Беларусь трапіла ў пералік краін, дзе летась выносілі смяротныя прысуды

08.04.2025 12:30
Апублікавалі даклад, у якім Беларусь фігуруе ў ліку 46 краін свету, што выносілі смяротныя выракі ў 2024 годзе.
Amnesty International
Amnesty International By The logo may be obtained from Amnesty International., Fair use, https://en.wikipedia.org/w/index.php?curid=58687938

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International 8 красавіка апублікавала чарговую справаздачу аб глабальнай практыцы скасавання смяротнай кары.



Праваабаронцы змаглі пацвердзіць вынясенне смяротных прысудаў у Егіпце (365), Іраку (200+), Нігерыі (186+), Бангладэш (165+), Емене (152+), В'етнаме (150+), Індыі (139), іншых краінах. У спіс 46 краін свету трапіла і Беларусь, у якой летась зафіксавалі адзін смяротны вырак.

Ува ўсім свеце праваабаронцы налічылі сама меней 2 075 вынесеных смяротных прысудаў і не менш за 1 508 пакаранняў смерцю.

Amnesty International нагадала, што Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, дзе стасуецца смяротная кара. Зафіксаваны летась прысуд - для нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера, «асуджанага за «акт тэрарызму» паводле некалькіх крымінальных артыкулаў у рамках працэсу, які праходзіў у закрытым рэжыме».

Крыгер быў памілаваны і перададзены Германіі ў рамках шырокага абмену зняволенымі паміж Расіяй, Беларуссю і краінамі Захаду, нагадвае «Свабода».

«Праз дзяржаўную сакрэтнасць вакол ужывання смяротнага пакарання Amnesty International не ўдалося пацвердзіць, колькі людзей застаюцца пад смяротным прысудам у Беларусі, - адзначылі праваабаронцы. - Аднак вядома, што беларускі грамадзянін, асуджаны на смерць 19 кастрычніка 2023 года, падаў апеляцыю на свой прысуд у Вярхоўны суд».



«Лічыцца, што ён заставаўся пад смяротным выракам у канцы 2024 года, бо не было даступнай інфармацыі, якая зняпраўджвае гэта, і не было інфармацыі аб яго магчымым пакаранні. На гэтым фоне Amnesty International лічыць, што на канец 2024 года як мінімум адзін чалавек заставаўся пад пакараннем смерцю ў Беларусі», - гаворыцца ў дакладзе.

Маецца на ўвазе прызнаны вінаватым у забойстве малалетняга сына Аляксандр Таратута.

аз