Беларуская Служба

У Беларусі на чатыры шлюбы прыходзяцца тры разводы

09.04.2025 12:24
У 2024 годзе ў краіне было зарэгістравана больш за 46 242 шлюбы. 
Шлюбshutterstock.com/LL_studio

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі падзяліўся статыстыкай за 2024 год па шлюбах і разводах сярод беларусаў. 

У Беларусі жанчыны ўпершыню выходзяць замуж у сярэднім у 26,7 года, а мужчыны — у 28,9 года. Год таму было 26,5 і 28,8 года адпаведна, паведамляе «Наша ніва». 

Усяго ў 2024 годзе ў краіне было зарэгістравана больш за 46 242 шлюбы. З іх упершыню звязалі сябе шлюбам 28 146 жанчын і 29 776 мужчын. Нават ва ўзросце старэй за 65 гадоў знайшлі сваю любоў і зарэгістравалі адносіны 633 жанчыны і 944 мужчыны. 

У той жа час распалася 34 866 шлюбаў. Найчасцей разводзіліся тыя пары, якія былі сям’ёй ад 1 года да 4 гадоў: усяго такіх было 8 701. Нямала сужэнцаў «не сышліся характарамі» і пасля 20 гадоў афіцыйнага сумеснага жыцця — 5 472 пары. 

1 307 замежніц выйшлі замуж за беларусаў. На першым месцы па колькасці — расіянкі (956), за імі ідуць украінкі (149) і грамадзянкі Казахстана (32). Замыкаюць пяцёрку нявесты з Літвы і Латвіі. 

У той жа час беларускі сталі жонкамі 1 856 замежнікаў. Найчасцей гэта былі грамадзяне Расіі (957), Літвы (73) і Турцыі (69). Таксама ў топе сярод жаніхоў — грамадзяне Украіны і Казахстана.

вс