У панядзелак Велікодны, 21 красавіка 2025 года, у Доме Святой Марты ў Ватыкане памёр Папа Францішак. Пра яго смерць паведаміў кардынал Кевін Фарэл, камерленг Святой Рымскай Царквы. Ён сказаў:
«А 7:35 раніцы Біскуп Рыму, Францішак, вярнуўся ў Дом Айца. Усё яго жыццё было прысвечана служэнню Пану і Ягонай Царкве».
Францішак, у свеце Хорхе Марыа Берголіа, нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе, у Аргенціне, у сям’і італьянскіх эмігрантаў. Ён стаў першым пантыфікам з Лацінскай Амерыкі і першым езуітам на Пасадзе святога Пятра. 13 сакавіка 2013 года яго абралі Папам — ён стаў 266-м наступнікам святога Пятра.
Яго пантыфікат доўжыўся 12 гадоў і адзначыўся імкненнем да рэформаў у Касцёле, адкрытасцю да маргіналізаваных супольнасцяў і актыўнай пазіцыяй у сацыяльных пытаннях — кліматычныя змены, міграцыя, сацыяльная справядлівасць. Ён быў вядомы сваёй прастатой, сціпласцю і непасрэдным стылем душпастырства.
У апошнія месяцы жыцця Францішак меў сур’ёзныя праблемы са здароўем. 14 лютага 2025 года ён быў шпіталізаваны ў рымскай клініцы Джэмелі з моцным запаленнем бронхаў, якое перарасло ў двухбаковае запаленне лёгкіх. Нягледзячы на лячэнне, яго стан пагаршаўся і прывёў да смерці.
Падрабязнасці пра пахаванне будуць паведамлены Ватыканам у бліжэйшы час.
IAR/нг