У беларускіх папраўчых калоніях абвастрылася праблема атрымання грашовых пераводаў для вязняў. Пра гэта паведамілі праваабаронцы «Вясны» з Магілёва, аб чым піша Радыё Свабода.
Паводле звестак праваабаронцаў, плацяжы «Беларусбанка» масава вяртаюцца з папраўчых устаноў адпраўнікам прыкладна праз тыдзень пасля трансакцыі. Падобная сітуацыя назіраецца з другой паловы сакавіка.
Паўторныя пераводы таксама вяртаюцца, хаця звесткі адпраўнікоў як сваякоў асуджаных унесеныя ў іх асабістыя справы.
Як удалося высветліць MAYDAY TEAM, у некаторых папраўчых калоніях ад асуджаных пачалі патрабаваць адмысловыя заявы з указаннем асобы, ад якой можа быць атрыманы грашовы перавод. У такіх выпадках паўторны перавод даходзіў да адрасата.
Акрамя таго, у некаторых выпадках «Беларусбанк» пачаў адмаўляць сваякам палітвязняў у пераводах, бо прозвішчы асуджаных знаходзяцца ў спісах «тэрарыстаў». Раней такія базы звестак выкарыстоўвала толькі «Белпошта». Мяркуючы па ўсім, з сакавіка іх атрымалі і некаторыя банкі.
Цяпер у «спісе тэрарыстаў», які вядзе КДБ Беларусі, вагулам 1276 чалавек, з іх як мінімум 588 — грамадзяне Беларусі. Абвешчаным «тэрарыстамі» зняволеным забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.
Год таму па ўсёй Беларусі практычна адначасова за харчовую і грашовую дапамогу сваякам палітвязняў затрымалі амаль 300 чалавек. У выніку 39 з іх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў.
нг