Беларуская Служба

МЗС Літвы супраць аднаўлення пасажырскіх чыгуначных зносін з Беларуссю

30.04.2025 12:00
БЧ на працягу трох гадоў выступае з ініцыятывай аднавіць чыгуначныя пасажырскія перавозкі з краінамі Заходняй Еўропы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: MichaelGaida/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства замежных спраў Літвы «на гэты момант не бачыць перадумоў і падстаў для аднаўлення пасажырскіх чыгуначных зносін» з Беларуссю. Сваю пазіцыю знешнепалітычнае ведамства прадставіла ў адказ на адпаведны запыт партала навін 15min.lt.



Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы паведаміў медыя, што накіраваў Міністэрству транспарту і камунікацый заключэнне — «у рамках сваёй кампетэнцыі» — па магчымасці аднавіць перавозку пасажыраў па чыгунцы. «Лічым, што менавіта гэтае міністэрства можа прадставіць зводную ацэнку ўсіх ведамстваў», — падкрэслілі ў ДДБ.

28 красавіка прадстаўнік міністра транспарту і камунікацый Лукас Пашкявічус пацвердзіў парталу, што інфармацыя ад ДДБ атрыманая, але кіраўніцтва міністэрства з ёй пакуль не азнаёмілася. «Мы чакаем ацэнкі ўсіх устаноў, і толькі тады пачнем разгляд гэтага пытання», — адзначыў ён.

У той жа дзень прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў журналістам, што Вільня не будзе спяшацца з адказам на прапанову Мінска аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны. Гэтую прапанову, паводле яго слоў, разглядаюць «у кантэксце ўсіх санкцый, вайны ва Украіне і адносін Еўрасаюза з Расіяй».

Беларуская чыгунка прапанавала Польшчы, Літве і Латвіі аднавіць прамыя пасажырскія перавозкі падчас 39-м паседжання Канферэнцыі генеральных дырэктараў (адказных прадстаўнікоў) чыгунак Арганізацыі супрацы чыгунак, якая праходзіла 14–17 красавіка ў Варшаве.



24 ліпеня 2024 года намеснік начальніка пасажырскай службы — начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі Сяргей Шэмет заяўляў, што БЧ «на працягу трох гадоў выступае з ініцыятывай» аднавіць чыгуначныя пасажырскія перавозкі з краінамі Заходняй Еўропы.

 «Позірк» нагадвае, што пасажырскія чыгуначныя зносіны Беларусі з Літвой, Польшчай і Латвіяй былі прыпыненыя ў 2020 годзе праз пандэмію COVID-19, пасля так і не аднавіліся.

аз

Беларускія чыгуначнікі прапанавалі калегам з Польшчы, Літвы і Латвіі аднавіць прамыя пасажырскія зносіны

22.04.2025 09:30
На мінулым тыдні прадстаўнікі БЧ гасцілі ў Варшаве на 39-м пасяджэнні Канферэнцыі Генеральных дырэктараў чыгунак АСЧ.

У Літве вывучаюць прапанову Беларускай чыгункі аднавіць пасажырскія зносіны, спыненыя 5 гадоў таму

25.04.2025 17:11
Беларуская чыгунка прапанавала калегам з Літвы, Латвіі і Польшчы аднавіць пасажырскія зносіны з Беларуссю.