Беларуская Служба

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»

20.05.2025 19:10
У 2023 годзе да жыхара Гомеля прыйшлі за каментары з асуджэннем расійскай агрэсіі. Яму прысудзілі пяць гадоў зняволення і адправілі ў шклоўскую калонію — тую самую, дзе пры нявысветленых абставінах памёр Вітольд Ашурак.
 .
Валянцін Штэрмер. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках

«Нашай Ніве» стала вядома пра смерць палітвязня Валянціна Штэрмера. Журналісты сцвярджаюць, што інфармацыя атрыманая ад надзейных крыніц, аднак абставіны трагедыі незразумелыя. Дакладна невядома дата смерці — толькі тое, што гэта адбылося ў пачатку 2025 года. Таксама няма пэўнасці, ці Штэрмер памёр у калоніі, ці быў вывезены ў бальніцу — турэмную альбо цывільную. У рэаліях лукашэнкаўскай дыктатуры ўся падобная інфармацыя хаваецца.

На момант смерці Валянціну Штэрмеру было 61 ці 62 гады. Ён гамяльчук. Па звестках Digital Intelligence Team, Валянцін нарадзіўся ў Хмяльніцкай вобласці Украіны, у горадзе Палоннае. Ён пераехаў у Гомель не пазней за 2002 год.

Вядома, што ў яго ёсць сын ад першага шлюбу і дачка ад другога шлюбу.

Да зняволення Штэрмер працаваў шмат дзе. З 2002 па 2009 гады ён меў статус індывідуальнага прадпрымальніка, працаваў начальнікам праектна-тэхнічнага аддзела ў прыватным прадпрыемстве, кіраваў будаўнічай фірмай «Авангардбізнэсрэсурс». Апошняе месца ягонай працы — дзяржаўнае прадпрыемства «Чырвоныя гваздзікі», якое займаецца азеляненнем і добраўпарадкаваннем у Гомелі і Гомельскай вобласці.
Валянцін Штэрмер. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках

Валянціна Штэрмера арыштавалі ў чэрвені 2023 года. Яго абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў восем каментароў супраць расійскай агрэсіі, у якіх нібыта абражаў расійскіх вайскоўцаў і распальваў да іх варожасць. Таксама яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі, а таксама ў датычнасці да нейкага «эстрэмісцкага фармавання».

У выніку 4 кастрычніка 2023 года Сяргей Багінскі з Гомельскага абласнога суда прысудзіў яму 5 гадоў калоніі. Прыкладна праз два месяцы апеляцыйны суд зацвердзіў прысуд. Штэрмера ўключылі ў спіс «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

Пасля гэтага Штэрмера этапавалі ў Шклоў, у калонію №17. У адным атрадзе з ім быў палітвязень Дзмітрый Лукша, які летам 2024 года выйшаў на свабоду па памілаванні. Ён расказаў «Нашай Ніве», што адбывалася з Штэрмерам:

 «Валянцін быў вельмі слабы. У калонію ён прыехаў пасля інсульту. Не ведаю, можа, у СІЗА дзе яго скруціла. Яго з каранціну паднялі ўжо ў такім стане. Пры гэтым пры мне яго кінулі ў ШІЗА.

З ім вельмі цяжка было ў адным атрадзе менавіта таму, што яму было ўжо вельмі складана жыць, а мянты ўсё яго на працу адпраўлялі.

Валянцін вельмі запаволена казаў, дый і хадзіў з цяжкасцю — калі мы ішлі з працы, ён заўсёды адставаў, таму што не паспяваў. Плюс зімой падслізнуўся і ўпаў. У яго быў ці то пералом рукі, ці то вывіх».

Цяперашні начальнік шклоўскай калоніі — Аляксандр Карніенка. Гэта былы магілёўскі амапавец, які на нейкі час звальняўся з органаў, але пасля аднавіўся на службе. Калоніяй ён кіруе з 2018 года. Менавіта ў Шклове пры незразумелых абставінах 21 мая 2021 года загінуў палітзняволены Вітольд Ашурак.

Па стане на 20 траўня праваабаронцам з ПЦ «Вясна» вядома не менш чым пра 206 палітвязняў, якія знаходзіцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх — 77 чалавек у цяжкім стане здароўя.

вх