Прэмію імя Маргарэт Тэтчар за абарону свабоды атрымала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 11 снежня ў Рыме (Італія).
Ціханоўская прысвяціла прэмію «смелым беларускім жанчынам, якія змагаюцца за свабоду», «жалезным лэдзі Беларусі»: Марыі Калеснікавай, Кацярыне Андрэевай, Ніне Багінскай і іншым. Пра гэта паведамляе «Позірк».
«Многія з гэтых жанчын застаюцца за кратамі. І мы не спыняем барацьбу за іх вызваленне. Гэтак жа, як мы не перастанем змагацца за нашу краіну», – заявіла палітык у вітальнай прамове.
Дэмакратычны лідар падкрэсліла, што Беларусь – «прыклад таго, што адбываецца, калі мы грэбуем дэмакратыяй, спрабуем улагодзіць або «перавыхаваць» дыктатараў».
«Калі мы нерашучыя, калі прымаем паўмеры – яны толькі нахабнічаюць», – сказала палітык.
Ціханоўская адзначыла, што Маргарэт Тэтчар «ненавідзела, калі справы рабіліся напалову».
«І найлепшы спосаб ушанаваць яе спадчыну – пераканацца, што мы не пакінем дыктатарам ніводнага шанцу», – падкрэсліла палітык.
Прэмія Маргарэт Тэтчар заснаваная ў 2025 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння палітыка фондам Еўрапейскага кансерватызму New Direction («Новы напрамак») – афіцыйным фондам еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў на ўзроўні ЕС. Фонд быў заснаваны ў 2009 годзе пад патранатам Тэтчар.
7 снежня 2023 года Ціханоўская атрымала ў Вашынгтоне прэмію імя прэзідэнта ЗША Джорджа Буша і прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчар «За свабоду» Міжнароднага дэмакратычнага саюза (IDU). Палітык прысвяціла яе палітвязням.
вс