«Іх проста выкінулі з краіны». Як у Варшаве сустракалі беларускіх палітвязняў, выдаленых рэжымам Лукашэнкі
Уначы 18 снежня ў Варшаву прыбыла група былых беларускіх палітвязняў, якіх улады Беларусі 13 снежня прымусова выдалілі ва Украіну. Усяго, паводле праваабаронцаў, рэжым Аляксандра Лукашэнкі выгнаў з краіны 123 чалавекі. Частка з іх ужо раз’ехалася па іншых краінах Еўрасаюза, аднак 87 былых вязняў пакуль застаюцца ў польскай сталіцы.
Сустрэчу арганізаваў Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС). Як паведаміла прадстаўніца ЦБС Хэлена Нядзьвецкая, былых палітвязняў часова размясцілі ў адным з варшаўскіх гатэляў — мінімум да нядзелі. Паводле яе, у Польшчу прыбыло каля 110 чалавек. З іх 21 асоба адразу накіравалася ў Літву, яшчэ двое — у Германію. Астатнія засталіся ў Варшаве.
Асаблівую ролю ў эвакуацыі адыграла Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое арганізавала гуманітарны калідор на польска-ўкраінскай мяжы. Гэта было крытычна важна, бо прыкладна пару дзясяткаў беларусаў апынуліся за мяжой без пашпартоў.
«Гэта былі два аўтобусы. Дзякуючы дапамозе польскага МЗС беларусаў прапусцілі праз мяжу досыць хутка — уся працэдура заняла каля 3–4 гадзін», — распавяла Нядзьвецкая.
У Цэнтры беларускай салідарнасці пацвярджаюць: цяпер ідуць інтэнсіўныя кансультацыі з Упраўленнем па справах іншаземцаў у Варшаве, каб паскорыць працэдуру надання міжнароднай абароны ўсім вызваленым беларусам.
«Гэта быў мільён эмоцый»
Момант прыезду аўтобусаў у Варшаву, паводле слоў Хэлены Нядзьвецкай, быў перапоўнены эмоцыямі, якія цяжка перадаць словамі.
«Мы планавалі, што людзі застануцца ў аўтобусах і мы ціха завязём іх у ЦБС, бо самі былыя вязні вельмі не хацелі кантактаваць з медыямі — яны не спалі больш за суткі, былі знясіленыя. Але ўтаіць нічога не атрымалася. Людзі стаялі паўсюль», — успамінае яна.
Калі дзверы аўтобусаў адчыніліся, натоўп ужо немагчыма было стрымаць. Людзі беглі насустрач, абдымалі, плакалі, цалавалі вызваленых.
«Гэта быў мільён эмоцый. Асабліва, калі бачыш, як сустракаюцца родныя, як абдымаюцца сёстры, які гадамі не бачыліся. У гэты момант усе спрэчкі і пытанні адыходзяць на другі план», — кажа Нядзьвецкая.
Пасля сустрэчы былых палітвязняў адразу павезлі ў гатэль. Там, паводле слоў прадстаўніцы ЦБС, засялілі 87 чалавек.
«Многія не маглі паверыць, што будуць жыць у асобных пакоях. Яны прасілі пасяліць іх разам, бо за гады зняволення прывыклі трымацца групамі», — распавядае яна.
Кожны з тых, хто падыходзіў да стойкі рэгістрацыі, пачынаў расказваць сваю гісторыю — пра турму, этапы, страх і разгубленасць.
Асабліва цяжка, падкрэслівае Нядзьвецкая, тым, каму заставалася два–тры месяцы да вызвалення. Гэтыя людзі планавалі вярнуцца дадому, да дзяцей і жонак, але замест гэтага апынуліся за мяжой без разумення, што рабіць далей.
«Я бачу, што многім спатрэбіцца дапамога псіхолага. Яны літаральна эмацыйна раздаўлены: застацца ў эміграцыі, гучаць думкі пра вяртанне ў Беларусь, каб «дасядзець», — хоць гэта і небяспечна», — кажа яна.
Страх, і рукі абматаныя скотчам і «яны думалі, што вязуць на Данбас»
Падчас сустрэчы ў Варшаве былыя вязні таксама распавядалі пра ўмовы, у якіх іх вывозілі з турмаў. Некаторым скотчам сцягвалі рукі, іншым надзявалі мяшкі на галаву. Адзін з мужчын прызнаўся, што дагэтуль адчувае боль у скронях. Некалькі чалавек сказалі, што шчыра думалі: іх вязуць не ў Еўропу, а на вайну ва Украіну.
«Яны ехалі і ехалі, некаторыя 12 гадзін, не разумеючы, куды. Людзі баяліся, што іх проста кінуць дзесьці на Данбасе, як расійскае гарматная мяча», — перадае словы былых вязняў Нядзьвецкая.
«Цяпер галоўны выклік — легалізацыя»
Старшыня Каардынацыйнай рады Беларусі, супрацоўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан, які таксама прысутнічаў у Варшаве падчас вітання вызваленых, адзначае вырашальную ролю валанцёраў і грамадзянскіх ініцыятыў.
«Гэта стала магчымым дзякуючы вялізнай працы людзей, якія падрыхтавалі ўсё, каб сустрэць былых палітвязняў максімальна годна», — падкрэсліў Брухан.
Паводле палітыка, цяпер галоўны выклік — легалізацыя. Каля 90 чалавек застаюцца ў Польшчы, і прыкладна 20 з іх не маюць пашпартоў. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і Каардынацыйная рада ўжо накіравалі афіцыйныя звароты ў польскія ведамствы з просьбай спрасціць і паскорыць адпаведныя працэдуры.
«Гэта нестандартная сітуацыя, і польскі бок гэта разумее. Так, бюракратыя інэртная, але разуменне і добрая воля ёсць з боку Варшавы ёсць. Наша задача — дапамагаць вырашаць гэтыя пытанні», — падкрэсліў Брухан.
Паводле старшыні Каардынацыйна рады, вакол былых палітвязняў ужо працуе сетка беларускіх арганізацый, якія дапамогуць з жыллём, дакументамі і першымі крокамі ў новай краіне. Але шлях да стабільнага і годнага для гэтых людзей жыцця толькі пачынаецца.
Слухайце аўдыё!
эж