Дагэтуль бяспекаю Ціханоўскай займалася літоўская Служба аховы кіраўніцтва. Пра намер знізіць узровень аховы Ціханоўскай і яе працоўных памяшканняў улады Літвы абвясцілі ў кастрычніку, піша svaboda.org.
Як адзначае BNS, ініцыятары гэтага рашэння сцвярджаюць, што змена ўзроўню аховы Ціханоўскай звязана са спадам патоку пагрозаў у яе адрас, а таксама з тэхнічнымі прычынамі.
Шэраг літоўскіх палітыкаў скрытыкавалі гэтае рашэнне, назваўшы яго не тэхнічным, а палітычным.
17 кастрычніка стала вядома, што літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханоўскай ахову – пакуль не будзе сфармаваная новая сістэма бяспекі.
Крыніцы Радыё Свабода, у тым ліку з атачэння Ціханоўскай, паведамлялі на ўмовах ананімнасці, што Ціханоўская і прынамсі частка ейнага офісу плануюць пераезд з Вільні ў Варшаву.
Дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі 10 снежня не даў адназначнага адказу на пытанне Свабоды пра пераезд Офісу Ціханоўскай.
«Мы ўсё яшчэ чакаем фінальнай схемы, сістэмы аховы, якая мусіць быць забяспечана [Святлане Ціханоўскай] у Літве, – пракаментаваў тады сітуацыю Дзяніс Кучынскі. – На гэты момант Святлана знаходзіцца пад апекай Літвы, дзяржаўнай службы аховы. Толькі пасля таго, як атрымаем фінальнае рашэнне ад Літвы, мы прааналізуем прапанову і будзем вырашаць, як дзейнічаць».
Дзяніс Кучынскі кажа, што яны «хацелі б застацца і далей працаваць у Вільні», але «яшчэ некалькі месяцаў таму, калі гэтая сітуацыя з'явілася, мы пачалі разглядаць розныя варыянты». Паводле яго, сёння «даты пераезду ці там нейкага плану» няма.
Святлана Ціханоўская жыве ў Вільні з 11 жніўня 2020 года, куды пераехала пасля ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах пад ціскам і пагрозамі ёй і яе дзецям. У сталіцы Літвы сфармаваўся Офіс Святланы Ціханоўскай, які стаў цэнтрам палітычнай дзейнасці дэмакратычных сілаў Беларусі.
Літоўская дзяржава падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, у тым ліку пасля 2020 года. Але апошнім часам некаторыя палітыкі пачалі крытыкаваць тое, што Святлана Ціханоўская мела высокі статус аховы з боку літоўскай Службы аховы кіраўніцтва і нібыта гэта задорага каштавала дзяржаўнаму бюджэту.
вх