Паводле інфармацыі «Вясны», больш за 200 палітвязняў утрымліваюцца за кратамі за салідарнасць з Украінай падчас поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі на тэрыторыю Украіны. Гэта беларусы, якія ваявалі на баку Украіны ці толькі мелі намер гэта зрабіць; беларусы, якія ладзілі акцыі і дыверсіі на чыгунцы, каб перашкодзіць ваеннай тэхніцы перасоўвацца; беларусы, якія перадавалі інфармацыю пра перасоўванне ваеннай тэхнікі чат-боту «Беларускі Гаюн»; і нават беларусы, якія заданацілі на падтрымку Украіне ці проста публічна выказаліся супраць вайны. 200 чалавек – гэта амаль шостая частка ўсіх вядомых на сёння палітзняволеных. Усе яны затрыманыя за салідарнасць з Украінай.
З нагоды чацвёртай гадавіны поўнамасштабнага ўварвання «Вясна» згадвае гісторыі палітычнага пераследу беларусаў за дапамогу і падтрымку Украіны.
Жанна Дашкевіч скончыла Бабруйскі медычны тэхнікум у 1987-м, а ва ўзросце 41 год паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт на псіхолага. Мяркуючы па сацсетках, жанчына жыла ў Маладзечне, хоць яе ІП зарэгістраванае ў вёсцы Маркава Маладзечанскага раёна. У яе двое дарослых дзяцей – дачка і сын – і не менш за трое ўнукаў. Жанчына займалася сеткавым маркетынгам, кансультавала па правільным харчаванні і ладзіла псіхалагічныя сеансы.
Невядома дакладна, калі Жанну затрымалі, але яна перастала быць анлайн з кастрычніка 2023-га года, хоць раней актыўна вяла сацсеткі. У верасні 2024 года яе асудзілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 2 арт. 361-3 КК (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці ўзброеным канфлікце) – дакладны тэрмін невядомы.
Палітзняволеных мужа і жонку Дзмітрыя і Аксану Малочкаў прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Іх асудзілі за здымак цягніка з вайсковай тэхнікай на платформе. Суд прызначыў Дзмітрыю 12 гадоў пазбаўлення волі, а Аксане – восем гадоў. На волі ў іх засталіся трое дзяцей. Аксана нарадзілася і вырасла ў Баранавічах. Ніякай палітычнай актыўнасці на яе старонках няма. Дзмітрый таксама родам з Баранавічаў. Апошняе вядомае яго месца працы – жвірова-сартавальны завод «Амневічы» ў Баранавічах, які выпускае пясок і шчэбеневыя сумесі. Пасля Дзмітрый заняўся рамесніцтвам.
Вольга Капуза і ейны муж Дзмітрый былі затрыманыя 16 студзеня 2024 года. Яны родам з Драгічынскага раёна, жылі каля беларуска-ўкраінскай мяжы. Па затрыманні на дзяржтэлебачанні выйшаў прапагандысцкі відэаролік «Зачистка. Борьба с диверсантами и агентами спецслужб Украины в Беларуси», у якім іх абвінавачвалі ў кантрабандзе з Украіны. Тады агулам затрымалі групу з 12 асобаў. Паводле версіі прапагандыстаў, пара нібы працавала на спецслужбы Украіны. Сцвярджалася, што жыхары Драгічынскага раёна дапамагалі Службе бяспекі Украіны – забіралі выбухоўку і рабілі тайнікі на тэрыторыі Беларусі. У прапагандысцкім відэа паказалі, як Дзмітрыю пры затрыманні прастрэлілі сцягно. А пазней – як ён перасоўваецца на мыліцах. Брата Дзмітрыя адразу па затрыманні супрацоўнікі КДБ збівалі па галаве.
Сямейную пару абвінавачвалі ў «акце тэрарызму» (арт. 289 КК) і паводле ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да вогнестрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Дзмітрыю прызначылі 24 гады, Вользе – 21 год калоніі. Таксама ім прызначылі буйныя штрафы. Сутнасць абвінавачвання невядомая. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Былы палітвязень, які перасякаўся ў зняволенні з мужчынамі – Дзмітрыем Капузай і Дзмітрыем Малочка – распавёў падрабязнасці іх затрымання:
«Выскачылі з бусіка людзі, падбеглі да яго аўтамабіля, адкрылі дзверцы і без адзінага слова двойчы выстралілі ў нагу. Затым выцягнулі з машыны і завезлі ў бальніцу. Хірург кінуўся дапамагаць, але яго спынілі, адвялі ўбок, пагаварылі, і той перамяніўся. Дзмітрый <Капуза> атрымаў мінімальную дапамогу. Паводле нашага суразмоўцы, добра, што кулі прайшлі навылет, што не адбылося заражэння, што дапамаглі тыя мазі якія былі ў камеры, што не пачалася гангрэна, што нага ацалела. Білі ў КДБ усіх «па-чорнаму» – месяц мачыліся крывёю, сінякі з цела не сыходзілі».
Калі ў СІЗА Дзмітрый і суразмоўца на нейкі час разышліся па розных камерах, а потым сустрэліся зноў, то суразмоўца яго не пазнаў. Дзмітрый выглядаў вельмі кепска і моцна пастарэў.
Мужа і жонку з Баранавіч – Уладзіслава і Таццяну Кашчэевых абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 356 КК. Абставіны справы і прысуд праваабаронцам невядомыя. Вядома, што ў сям'і двое дзяцей, малодшы сын яшчэ непаўнагадовы. Як паведамілі «Вясне» ў арганізацыі BELPOL, па даных за 2005 год, Таццяна працавала на «558 авіацыйным рамонтным заводзе» тэхнікам па працы. Уладзіслаў – вайсковец. Па звестках за 2019 год, ён працаваў на «61-й знішчальнай авіябазе ў Баранавічах» (в/ч 54804). Дакладна невядома, што ставілася ў віну Кашчэевым.
У снежні 2024 года асудзілі па «справе аб спробе падрыву чыгуначнага саставу ў Талочынскім раёне» беларусаў Івана Бародзіча і Барыса Пухальскага да 11 і 25 гадоў калоніі адпаведна, а ўкраінца Івана Ліхалата – да 20 гадоў зняволення. На відэа затрымання шасці чалавек, якія апублікавалі праўладныя крыніцы, некаторыя з іх выглядалі збітымі, некаторых на следчых дзеяннях вадзілі на ланцугах, аднаго з затрыманых знялі ў СІЗА КДБ. У фільме сцвярджалася, што «раней Пухальскі выходзіў на сувязь з СБУ, каб паваяваць на баку Украіны, але атрымаў адмову». Яму нібыта растлумачылі, што яго навыкі спатрэбяцца ў Беларусі. Паводле прапагандыстаў, першапачаткова трое выконвалі задачы па зборы інфармацыі. Генеральная пракуратура паведамляла:
«Абвінавачаныя на працягу 2023 года пры злачынным узаемадзеянні з прадстаўнікамі ўкраінскіх спецслужбаў збіралі і падавалі ім звесткі. Яны таксама выконвалі іншыя заданні, якія маглі нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі. Так, Пухальскі і Ліхалат здзейснілі спробу падрыву на ўчастку чыгункі ў Талачынскім раёне».
У жніўні 2024 года палітзняволенага курсанта МУС Іллю Нарышкіна асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Хлопец родам са Слоніма, але частку дзяцінства правёў у Гродне. Бацька Іллі – украінец, нарадзіўся ў Крывым Рогу. Ілля паступіў у акадэмію Міністэрства ўнутраных справаў. Магчыма, 21-гадовы Ілля Нарышкін хацеў далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Па артыкулах, якія яму прадʼявілі, апошнім часам часцей за ўсё судзілі людзей, якія выказвалі намер паехаць ваяваць на баку Украіны. Некаторыя з гэтых людзей перапісваліся з фэйкавымі ботамі палка Каліноўскага, створанымі спецслужбамі РБ.
Віталь Лескавец – айцішнік з Магілёва. Яго асудзілі за данаты на дапамогу Украіне ў жніўні 2024 году. Віталь – праграміст. З вядомых месцаў працы мужчыны толькі дзяржаўныя прадпрыемствы. Ён працаваў на Магілёўскім металургічным заводзе і адміністраваў сайт кампаніі, у Праектным спецыялізаваным бюро, інжынерам-праграмістам у Цэнтры гарадскіх інфармацыйных сістэмаў Магілёва.
Хобі мужчыны – фатаграфія. Ён фатаграфуе як на стужку, гэтак і на лічбавыя фотаапараты. Віталь рэгулярна здымае розныя гарадскія мерапрыемствы і дзеліцца фота ў сацсетках. Любіць ён і падарожнічаць, як па Беларусі, гэтак і па замежжы.
Яўгена Глушкова абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356) і садзейнічанню экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Ён у апошні час жыў у вёсцы Зябраўка Гомельскага раёну. Менавіта каля яе знаходзіцца вайсковы аэрадром, на якім з пачатку вайны размяшчаюцца расійскія вайскоўцы. Адтуль былі зафіксаваныя запускі ракетаў па ўкраінскай тэрыторыі. Адтуль жа выляталі вайсковыя самалёты. Па інфармацыі некаторых СМІ, у ноч з 10 на 11 жніўня на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт, пра які шмат пісалі СМІ, то пачаліся праверкі мясцовых. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі стары здымак аэрадрому, які ён рабіў з дрона. І яшчэ знайшлі кантакты розных украінцаў. Гэтага было дастаткова, каб яго затрымаць. Яго асудзілі да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён нібыта збіраў, фіксаваў і аналізаваў інфармацыю разведвальнага характару аб абʼектах ваеннай інфраструктуры і тэхнікі, у тым ліку аб беларускіх ваенных абʼектах. Пасля з выкарыстаннем мэсэнджара Telegram перадаў атрыманую інфармацыю ў чат-бот, кантраляваны замежнай арганізацыяй.
нг