У Мінскім гарадскім судзе 25 траўня ў межах спецыяльнай вытворчасці разглядзелі крымінальную справу супраць 43-гадовага палітолага Дзмітрыя Балкунца. Яго прызналі вінаватым паводле васьмі крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў «дыскрэдытацыі Беларусі» і «закліку да санкцый». Суд прызначыў Балкунцу 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф памерам 5 000 базавых велічыняў (225 тысяч рублёў).
Дзмітрыя абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 КК (заклік да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч.ч. 1, 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч.ч. 1, 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), ч.ч. 1, 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі).
Раней пракуратура паведамляла, што Балкунец «стварыў і размясціў не менш за 28 інфармацыйных публікацый заахвочвальнага характару, у якіх заклікаў да захопу дзяржаўнай улады і гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, прымяненню мер абмежавальнага характару (санкцый)»
Таксама ён нібыта «кіраваў экстрэмісцкім фармаваннем «Форум дэмакратычных сілаў Беларусі» і «вырабіў і размясціў у Telegram- і YouTube-каналах матэрыялы з загадзя ілжывымі і зневажальнымі звесткамі пра Лукашэнку — у тым ліку з абвінавачваннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў».
Вясна/ав