Беларуская Служба

Lawtrend: У Беларусі пашыраецца практыка выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства

03.06.2026 14:48
На канец траўня ў пералік датычных да экстрэмісцкай дзейнасці быў уключаны 371 суб’ект, а ў прымусовай ліквідацыі знаходзілася больш за тысячу грамадскіх арганізацый.
Ілюстрацыяhttps://www.lawtrend.org/

З 2020 года да канца траўня 2026-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.033 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, вынікае з новага агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend. На канец траўня ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася не менш за 1.244 некамерцыйных арганізацый. Рашэнне аб самастойнай ліквідацыі прыняло па меншай меры 789 НКА (+7 у параўнанні з канцом красавіка).

Праваабаронцы адзначаюць, што ў траўні працягнулі пашырацца рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў, якія з’ехалі, і іх сваякоў у Беларусі. За перыяд з 21 траўня праваабаронцам вядома аб правядзенні не менш за 30 ператрусаў у сваякоў беларусаў, якія ўдзельнічалі за мяжой у акцыях з нагоды Дня Волі (25 сакавіка), а таксама ў сваякоў кандыдатаў у Каардынацыйную раду і праваабаронцаў.

Сярод ключавых інструментаў ціску Lawtrend называе механізмы міжнароднага вышуку па палітычна матываваных абвінавачваннях, спецыяльную і завочную вытворчасць. У пералік асоб, у дачыненні да якіх распачатая спецыяльная вытворчасць на канец траўня 2026 года было ўнесена 175 чалавек.

У Беларусі захоўваецца «фактычнае нівеляванне свабоды асацыяцый, працяг ціску на арганізацыі грамадзянскай супольнасці і іх удзельнікаў, крыміналізацыя незалежнай грамадзянскай актыўнасці, абмежаванне доступу да фінансавання, а таксама развіццё практык транснацыянальных рэпрэсій у дачыненні да актывістаў», — гаворыцца ў аглядзе.

У траўні 2026 года «сітуацыя са свабодай асацыяцый і становішчам арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі застаецца стабільна неспрыяльнай», робяць выснову праваабаронцы.

Крыніца: «Позірк»/ юл