На Віцебшчыне выставілі на продаж маёнтак роду расстралянага расіянамі ўдзельніка паўстання 1863-1864 гадоў. Аўкцыён мае быць на платформе Беларускай універсальнай біржы ў 14:00 29 чэрвеня. Стартавая цана — 45 рублёў. Прэтэндэнтаў завабліваюць «золатам Напалеона», паведамляе «Свабода».
Сядзібу Цюндзявіцкіх у Галошаве Талачынскага раёна Віцебскай вобласці спачатку планавалі знесці, але ў 2021 яе адстаяла грамадскасць і маёнтку прысвоілі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі. Цяпер яго прадаюць.
Як паведамілі на Беларускай універсальнай біржы, на тэрыторыі сядзібы, нібыта, закапаны скарб.
— Лічыцца, што менавіта на тэрыторыі будучай сядзібы падчас адступлення 1812 года імператар Напалеон загадаў закапаць частку свайго золата. Навуковых доказаў існавання скарбу ў Галошаве няма, але гэтая гісторыя дагэтуль прыцягвае сюды шукальнікаў прыгод, — адзначаецца ў матэрыяле.
Раней легендай пра Напалеона заманьвалі на аўкцыён па продажы сядзібы ў Падароску пад Ваўкавыскам. Але гісторыкі сцвярджаюць, што Напалеон Банапарт не мог там спыняцца — ягоны шлях у 1812 ішоў з боку Коўна і Вільні праз поўнач і цэнтр Беларусі: Глыбокае, Віцебск, Воршу, Мінск і Барысаў. А ў Падароску мог быць брат Напалеона Жэром.
Маёнтак Цюндзявіцкіх пабудавалі ў 1897 годзе каля возера Глыбокае. Плошча будынка — 621 квадратны метр. Патэнцыйны інвестар атрымае ў арэнду на 50 гадоў зямельны ўчастак плошчай 0,7715 гектара.
Але паколькі сядзіба мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці новы ўласнік павінен зрабіць рэстаўрацыю цягам трох гадоў.
Самы вядомы выхадзец старадаўняга роду, які жыў у гэтай мясцовасці — Міхал Цюндзявіцкі, паплечнік Кастуся Каліноўскага і ўдзельнік вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў. Яго расстралялі расійскія акупацыйныя ўлады. Міхаіл Цюндзявіцкі праектаваў гэтую сядзібу ў Галошаве, але яе пабудавалі ўжо пасля яго смерці. Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 года ўладальнікі будынку ўцяклі ў Польшчу.
У галоўным будынку ў савецкі час мясцілася школа, якая пазней закрылася. Тэрыторыя сядзібы паступова прыйшла ў заняпад.
За апошнія некалькі гадоў улады Беларусі выставілі на продаж дзясяткі гістарычных аб’ектаў, на рэстаўрацыю якіх дзяржава не вылучае грошай. Некаторыя з іх некалькі гадоў не могуць знайсці ўласнікаў, а іх стартавую цану паніжаюць да адной базавай велічыні.
Новымі ўласнікамі такіх аб’ектаў могуць стаць як грамадзяне і юрыдычныя асобы Беларусі, гэтак і іншаземцы. Вядома некалькі фактаў, калі беларускія гістарычныя аб’екты набывалі грамадзяне Расіі. Разам з тым некалькі разоў у новых інвестараў набытую маёмасць забіралі і зноў выстаўлялі на продаж.
аз