Амерыканская гісторык і журналістка, лаўрэатка Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм (Anne Applebaum) лічыць, што чарговая спроба Захаду дамовіцца з узурпатарам Аляксандрам Лукашэнкам скончыцца няўдачай. Паводле яе, такія перамовы могуць толькі легітымізаваць ягоны рэжым. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю Радыё Свабода пасля дыскусіі ў Варшаве, арганізаванай «Банкам ідэй».
Эплбаўм падкрэслівае, што ўлада Лукашэнкі непасрэдна залежыць ад падтрымкі Уладзіміра Пуціна. Без Расіі, на яе думку, Лукашэнка не здолеў бы ўтрымацца ва ўладзе і здушыць супраціў беларусаў. Пры гэтым свабодная, праеўрапейская Беларусь была б значна лепшай для бяспекі і дабрабыту як саміх беларусаў, так і ўсёй Еўропы.
Будучыню Беларусі гісторык звязвае з вынікам вайны ва Украіне і аслабленнем Расіі. Яна лічыць, што перамога Украіны і параза Расіі далі б беларусам больш магчымасцяў самастойна вызначаць лёс сваёй краіны.
Эплбаўм крытычна ацэньвае спробы амерыканскай адміністрацыі наладзіць адносіны з Лукашэнкам праз дзелавыя дамоўленасці. Паводле яе, аўтарытарныя лідары мысляць інакш, чым заходнія палітыкі, якія спадзяюцца наблізіць іх да сябе праз эканамічныя ўгоды. Падобныя спробы раней рабілі Польшча і Германія, але яны не прынеслі вынікаў.
Што да саміх беларусаў, Эплбаўм заклікае іх працягваць будаваць дэмакратычную культуру, у тым ліку ў эміграцыі, захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць і падтрымліваць сувязь з людзьмі на радзіме.
Яна таксама нагадвае, што беларускія пратэсты 2020 года былі не толькі выступленнем супраць Лукашэнкі, але і супрацівам уплыву Пуціна. Паводле яе слоў, расійскі кіраўнік баіцца народных рэвалюцый, бо яны пагражаюць самой мадэлі аўтарытарнай улады, якую ён стварыў у Расіі.
нг