Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Сацыёлаг: Польшчы бракуе цэласнага бачання міграцыйнай палітыкі 

17.10.2026 08:07
На канец 2025 года тут знаходзіліся каля 2,3 мільёна замежнікаў — амаль на 215 тысяч больш, чым годам раней. Гэта амаль 6% насельніцтва Польшчы. 
Аўдыё
  • Сацыёлаг: Польшчы бракуе цэласнага бачання міграцыйнай палітыкі 
    ?
Як міграцыя змяняе польскае грамадства?Ілюстрацыя, створаная пры дапамозе ШІ

Польшча сталаа краінай іміграцыі: паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, на канец 2025 года тут знаходзіліся каля 2,3 мільёна замежнікаў — амаль на 215 тысяч больш, чым годам раней. Гэта амаль 6% насельніцтва. 

Як міграцыя змяняе польскае грамадства? Пра гэта Беларуская служба Польскага радыё размаўляе з Аляксандрай Вінярскай, сацыёлагам Варшаўскага ўніверсітэта, даследчыцай міграцыі і міжкультурных адносін, якая супрацоўнічае з універсітэцкім Цэнтрам міграцыйных даследаванняў.

Польшча з краіны эміграцыі ператвараецца ў краіну іміграцыі. Як гэта змяняе грамадства і стаўленне да замежнікаў? Ці польскае грамадства ўжо адаптавалася да гэтых змен?  

— Мы сапраўды перажываем пэўныя грамадскія змены. Шмат гадоў Польшча была краінай эміграцыі: людзі выязджалі, напрыклад, у Заходнюю Еўропу, і з’язджала іх больш, чым прыязджала. Ужо амаль дзесяцігоддзе мы краіна іміграцыі, куды едуць працаваць і жыць у бяспецы.

Гэтыя змены адбываюцца паступова, змяняецца і стаўленне грамадства. У пераломныя моманты, як у 2022 годзе, людзей, якія ратаваліся ад вайны ва Украіне, прымалі вельмі цёпла. Тады пераважала добразычлівасць, уцекачоў сустракалі гасцінна і зычліва. Пазней стаўленне пачало змяняцца. Цяпер назіраем, што прыхільнасці да іх зменшылася.

Нам трэба навучыцца з гэтым жыць, бо міграцыя будзе працягвацца. На момант нашай размовы ў Польшчы жыве прыблізна два мільёны замежнікаў —  найменей 5% насельніцтва. Шмат гэта ці мала? На маю думку, мігранты — важная частка нашага грамадства. Цяпер яно ў значнай ступені двухэтнічнае, бо сярод замежнікаў найбольш украінцаў. Але тут жывуць людзі многіх іншых нацыянальнасцей, некаторыя — ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Многія з іх — грамадзяне Польшчы, якія маюць польскае грамадзянства, але і ўласны досвед міграцыі.

Апошнім часам у сацыяльных сетках узмацнілася ксенафобія, гэта нярэдка выліваецца ў гвалт на вуліцах польскіх гарадоў. Гэта сур’ёзная тэндэнцыя ці часовая рэакцыя на тое, што замежнікаў паболела ў хуткім часе?

— Думаю, гэта звязана таксама з тым, як пра міграцыю расказваюць СМІ. Калі яна становіцца палітычнай тэмай і яе асвятляюць з пэўнага гледзішча, стаўленне людзей нярэдка змяняецца.

У 2015–2016 гадах, калі ў Еўропу прыбывала шмат людзей з Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу, міграцыя была адной з найбольш гучных тэм палітычных дыскусій. Сацыялагічныя даследаванні тады сведчылі, што стаўленне да мігрантаў пагаршалася. Пазней спачуванне людзям, якія ўцякалі ад расійскай агрэсіі ва Украіне, паспрыяла змене гэтых настрояў.

Цяперашнюю тэндэнцыю нельга пакідаць без увагі. Тут ёсць праца для ўсіх, у тым ліку для медыя. Грамадскія арганізацыі шмат робяць, каб паказваць карысць міграцыі і лёсы людзей, якія стаяць за агульнымі лічбамі.

Варта расказваць гісторыі канкрэтных людзей. Часта яны прыязджаюць не з уласнай волі: вайна, голад, рэпрэсіі ці іншыя пагрозы на радзіме проста не пакідаюць ім выбару. Каб зразумець іх рашэнне пераехаць, трэба ведаць, што яны перажылі і якая небяспека прымусіла іх пакінуць дом.

Трэба памятаць пра гэтыя лёсы і шукаць спосабы жыць разам. Штодня мы сустракаемся як суседзі, і кожны можа зрабіць невялікі крок: пазнаёміцца, завесці размову. Так мы пакрысе лепш пазнаём адно аднаго. Для гэтага не абавязкова чакаць нейкай асаблівай нагоды: пачаць можа кожны з нас. Разам з тым многае залежыць ад таго, што мы чытаем у медыя і чуем ад вядомых людзей ці палітыкаў. Таму вельмі важна адказваць за свае словы.

Больш за два мільёны замежнікаў — гэта і вялікія магчымасці для эканомікі: яны плацяць падаткі і ўзносы ў сістэму сацыяльнага страхавання. Важна, што пра гэта ў Польшчы ўсё часцей гавораць. Адначасова дзяржава мусіць наладзіць працэдуры легалізацыі іх знаходжання і, напрыклад, забяспечыць належную працу школ. Ці спраўляецца Польшча з гэтымі выклікамі?

— Я не хацела б ацэньваць становішча ў маштабах усёй краіны, бо навукова займаюся пераважна адносінамі паміж людзьмі на лакальным узроўні. Але магу сказаць, што мноства дзяржаўных служачых штодня працуюць з пытаннямі легалізацыі знаходжання замежнікаў. Гэта велізарная праца, якая патрабуе штодзённых намаганняў.

Ёсць і пэўныя сістэмныя рашэнні, вядзецца праца над інтэграцыйнай палітыкай. Будзем спадзявацца, што гэтыя напрацоўкі ўвасобяцца ў жыццё, што з’явяцца належныя прававыя нормы, а людзі атрымаюць дзейсную дапамогу ў інтэграцыі і адэкватнае выкананне працэдур па легалізацыі.

Якую мадэль выбірае Польшча: інтэграцыю ці асіміляцыю?

— Пакуль гэтую палітыку не акрэслілі дастаткова выразна, таму адназначна адказаць цяжка. Калі гаварыць, напрыклад, пра моўныя пытанні, мне прасцей ацэньваць працу мясцовага самакіравання, чым палітыку цэнтральных уладаў.

На месцах сапраўды шмат робяць у адукацыі і для таго, каб мова не перашкаджала людзям звяртацца ва ўстановы: каб наведвальнікаў маглі абслугоўваць на розных мовах, каб звесткі былі зразумелыя, а дзецям у школах дапамагалі вывучаць польскую мову.

Я спадзяюся, што мы пойдзем шляхам інтэграцыі, бо лічу яго лепшым. У разнастайнасці ёсць сіла, яна ўзбагачае грамадства. Інтэграцыя ахоплівае і прававыя пытанні, і грамадскія ды культурныя адносіны. Ва ўсім гэтым патрэбны ўзаемныя намаганні, каб навучыцца быць і жыць разам.

Апора на мясцовае самакіраванне пры недахопе выразнай дзяржаўнай палітыкі — перавага ці недахоп сістэмы?

— Бракуе выразнай пазіцыі цэнтральных уладаў, і, думаю, важна, каб яна ўсё ж такі была. Аднак менавіта мясцовае самакіраванне найбліжэй да людзей: яно штодня забяспечвае паслугі, патрэбныя жыхарам.

Гарады, асабліва вялікія, мусяць дбаць пра жыхароў, якія становяцца ўсё больш разнастайнымі паводле свайго паходжання і патрэб. Таму мясцовым уладам трэба ўлічваць адметныя патрэбы розных груп і наладжваць паслугі як мага бліжэй да людзей.

Але без выразна вызначанага кірунку і дзяржаўнай падтрымкі гэта вельмі складана. Патрэбны сродкі і адпаведныя законы, таму супрацоўніцтва паміж узроўнямі ўлады неабходнае. Важна мець цэласнае бачанне таго, як наладзіць гэтую працу зладжана: праз супрацоўніцтва, а не ў апазіцыі розных узроўняў кіравання.

Слухайце аўдыё!

Эдуард Жолуд




«Мы ўсе перамяшаныя»: польская пісьменніца Анета Прымака-Онішк — пра міф монаэтнічнай Польшчы

18.05.2026 08:21
Анета Прымака-Онішк разважае, ці гатовае польскае грамадства прыняць сваю шматэтнічнасць.

Убачыць чалавека за словамі «мігрант» і «ўцякач». Як у Польшчы гавораць пра іншаземцаў, якія тут жывуць

08.10.2026 14:53
Пра дапамогу, суперажыванне і чалавечую годнасць у Сейме Польшчы гаварылі праваабаронцы, грамадскія актывісты, адукатары і ўласна ўцекачы. 

«Мы можам страціць вучня»: дырэктар Цэнтра развіцця адукацыі — пра моўны бар’ер у польскай школе

12.10.2026 13:43
Вучні са 148 краін вучацца ў польскіх школах. Як сітэма адказвае на выклікі моўнай і культурнай разнастайнасці?