Пададзены ўжо пяты запыт на выключэнне з правіла парламенцкай недатыкальнасці дэпутата Еўрапейскага парламента ад Польшчы Гжэгажа Браўна (Grzegorz Braun). Генеральны пракурор накіраваў гэты запыт старшыні Еўрапейскага парламента Раберце Мецоле (Roberta Metsola). Гэты выпадак тычыцца адмаўлення факту існавання газавых камер у былым нямецкім канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц-Біркенау.
Генеральны пракурор і міністр юстыцыі Вальдэмар Журэк (Waldemar Żurek) паведаміў, што 25 жніўня ў Кракаве — адразу пасля выхаду з допыту ў Інстытуце нацыянальнай памяці (IPN) — еўрадэпутат Браўн падчас анлайн-трансляцыі зноў публічна адмаўляў факты генацыду і забойства людзей у газавых камерах у нямецкім канцлагеры ў Аўшвіц-Біркенау.
— Падобныя выказванні не маюць нічога агульнага з выкананнем мандата дэпутата Еўрапейскага парламента. Гэта злачынства, якое пераследуецца ў абавязковым парадку (ex officio), — напісаў Вальдэмар Журэк.
Міністр дадаў, што недатыкальнасць не прызначана для абароны тых, хто распаўсюджвае хлусню пра генацыд. Ён падкрэсліў, што пракуратура мае дастаткова доказаў для прад'яўлення абвінавачанняў паводле артыкула 55 Закона аб Інстытуце нацыянальнай памяці, які, у прыватнасці, забараняе публічнае адмаўленне нацысцкіх і камуністычных злачынстваў. За гэтае правапарушэнне прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.
IAR/нг