Беларуская Служба

Суд апраўдаў галоўнага інжынера МЗКЦ

20.07.2019 08:02
Андрэй Галавач абвінавачваўся ў карупцыйных злачынствах.
СудMasterTux/pixabay.com/CC0 Public Domain

Галоўны інжынер ААТ „Мінскі завод колавых цягачоў” Андрэй Галавач, які абвінавачваўся ў карупцыйных злачынствах, апраўданы. Прысуд 19 ліпеня абвясціла суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Святлана Чараповіч, паведамляе БелаПАН.

Андрэй Галавач быў затрыманы вясной 2015 года разам з некалькімі супрацоўнікамі прадпрыемства. Яго абвінавацілі ў атрыманні хабару больш як на 180 тыс. дэнамінаваных рублёў.

Суд у лютым 2018 года апраўдаў Галавача, але адразу пасля вынясення рашэння аб апраўданні яго затрымалі ў зале суда паводле падазрэння ў атрыманні хабару на 192 тыс. долараў і 35 тыс. еўра. Згодна з версіяй следства, гэтыя падзеі адбываліся ў 2008—2015 гадах. Абвінавачанне Галавачу выставілі на падставе чч. 2, 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса.

Пракурор прасіў суд пакараць топ-менеджара дзевяццю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады кіраўнікоў на пяць гадоў, канфіскацыяй усёй маёмасці і штрафам у тысячу базавых велічынь (25,5 тыс. рублёў).

Абарона прасіла суд апраўдаць Галавача з-за недаказанасці віны. Адвакаты звярнулі ўвагу на тое, што ні адзін з чатырох ключавых сведак не з`явіўся на судовае пасяджэнне. Былі зачытаныя паказанні, дадзеныя сведкамі падчас папярэдняга следства яшчэ ў 2016—2017 гадах, пры расследаванні папярэдняй крымінальнай справы ў дачыненні да Галавача, па якой ён быў апраўданы. Пры гэтым некаторых сведак апытвалі дыстанцыйна, з накіраваннем у СК лістоў са сведчаннямі.

Галавач катэгарычна адмаўляў сваю віну. Выступаючы ў судзе з апошнім словам 16 ліпеня, ён падкрэсліў, што следства першапачаткова мела абвінаваўчы ўхіл і не ўлічвала ўсіх абставін правядзення працэдур закупкі станкоў і абсталявання. Падсудны адзначыў, што знаходзіцца ў СІЗА ўжо больш за 50 месяцаў. "Я веру, што высокі суд прыме справядлівае рашэнне, і ўвесь гэты кашмар скончыцца", — заявіў ён.

Пасля абвяшчэння прысуду Галавач быў вызвалены ў зале суда.

аз