Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон „Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
Закон прыняты „ў мэтах рэалізацыі прынцыпу гуманізму і ў сувязі са значнай датай у гісторыі Рэспублікі Беларусь”, паведамляе БелaПАН са спасылкай на прэс-службу прэзідэнта.
Дакументам вызначаны катэгорыі падлеглых вызваленню ад пакарання асоб, асуджаных за злачынствы, якія не адносяцца да цяжкіх і асабліва цяжкіх (непаўналетнія, цяжарныя, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, асобы, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, інваліды І і ІІ груп, хворыя на анкалагічныя захворванні, ветэраны баявых дзеянняў, асобы, якія атрымалі раненні ў перыяд праходжання службы, ажыццяўлення службовай дзейнасці, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама некаторыя іншыя катэгорыі асуджаных).
Асобным катэгорыям асуджаных (у тым ліку тым, якія ўчынілі злачынствы, прадугледжаныя часткамі 1, 2 і 3 "антынаркатычнага" артыкула 328 Крымінальнага кодэкса), якія не падлягаюць вызваленню, прадугледжваецца скарачэнне тэрміну пакарання на адзін год, непаўналетнім — на два гады.
„З улікам існуючай практыкі прымянення амністыі яна не распаўсюджваецца на асоб, да якіх на працягу 2014—2019 гадоў прымянялася амністыя або памілаванне і якія зноў учынілі наўмыснае злачынства; якія цалкам не кампенсавалі прычынены злачынствамі ўрон (шкоду), не выплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам; злосна парушаюць парадак адбывання пакарання; асуджаных за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, забойства, наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, карупцыйныя злачынствы, злачынныя дзеянні сексуальнага характару, бандытызм, тэрарызм, масавыя беспарадкі, парушэнне правілаў дарожнага руху ў стане ап'янення, што пацягнула смерць чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, і шэраг іншых злачынстваў, якія характарызуюцца высокай грамадскай небяспекай”, — адзначаецца ў рэлізе.
Мяркуецца вызваліць ад крымінальнага пакарання каля 6 тыс. асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — каля 2 тыс.
Закон набывае моц з дня яго афіцыйнага апублікавання і падлягае выкананню на працягу дзевяці месяцаў з дня ўваходжання ў сілу.
Дакумент быў прыняты 28 чэрвеня абедзвюма палатамі Нацыянальнага сходу.
аз