Беларуская Служба

На youtubе з’явіўся адмысловы канал з караоке па-беларуску

21.08.2019 15:10
На канале плануецца размяшчэнне як беларускіх песень, так і сусветна вядомых гітоў у перакладзе на беларускую мову.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Дзе можна знайсці караоке па-беларуску? Днямі з’явіўся адмысловы канал на youtubе, стваральнік якога плануе яго папаўняць новымі песнямі для дзяцей і дарослых. Кажа ў размове з «Радыё Рацыя» стваральнік суполкі «Беларускае караоке» Лявон Спірыдонаў.

«На мінулым тыдні я наведаў маіх пляменніц, ім 4 ды 6 годзікаў. Мы разам спявалі караоке і, на жаль, іхнага ўлюбёнага Дзеда-Барадзеда не знайшлі. І ўвогуле аказалася, што беларускамоўнага караоке вельмі мала. Вярнуўшыся дахаты, я пачаў працу і ўжо зрабіў шэсць відэакліпаў, сярод якіх ёсць і Дзед-Барадзед. Буду вельмі шчаслівы, калі людзі будуць падпісвацца да маёй суполкі, звяртацца да мяне са сваімі пажаданнямі і просьбамі, думаю, гэта будзе мяне яшчэ мацней матываваць».

На канале плануецца размяшчэнне як беларускіх песень, так і сусветна вядомых гітоў у перакладзе на беларускую мову. Словы падаюцца кірыліцай і лацінкай, дадае Лявон Спірыдонаў.

«Як заўсёды спачатку стаяла экзістэнцыяльнае пытанне кожнага беларуса: якім правапісам пісаць? Прыняў рашэнне выкарыстаць абодва: кірыліцу пішу афіцыйным правапісам, лацінку – так званай тарашкевіцай. Чаму лацінка? Па-першае, як мне здаецца, гэта модна, асабліва ў тынэйджэрскім узросце. Па-другое, існуюць замежнікі, якія цікавяцца іншымі культурамі і мовамі, у тым ліку, беларускай. Дык лацінка спросціць ім успрыманне беларускай мовы», - сказаў Спірыдонаў.

Пакуль у Беларусі фактычна не існуе караоке па-беларуску. Лявон Спірыдонаў спадзяецца, што намаганнямі ўсіх зацікаўленых дапаможа памяняць сітуацыю.

аз