Беларуская Служба

Ландсбергіс: бомба ў беларускім Астраўцы пагражае ўсходняй частцы ЕС

26.08.2019 11:11
Былы кіраўнік літоўскага парламента жорстка выказаўся наконт будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне Беларусі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: slightly_different/pixabay.com/CC0 Public Domain

Былы кіраўнік літоўскага парламента, лідар партыі „Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы” Вітаўтас Ландсбергіс жорстка выказаўся наконт будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне Беларусі. Ён бачыць у гэтым праекце „відавочны план Крамля”, накіраваны супраць Еўрасаюза і найперш Літвы, якіх Масква лічыць ворагамі, паведамляе „Еўрарадыё”.

„Гэта палітыка дэманстрацыі сілы, не нейкіх пагадненняў, перамоваў — гэта палітыка дыктата, паколькі яны думаюць, што валодаюць магутнасцю, — цытуе словы Ландсбергіса Delfi. — Так, у іх ёсць магутнасць — гэта бомба ў Астраўцы. Бомба, якая вісіць над усходняй часткай ЕС, найперш над Літвой”.

Палітык перакананы, што Расія хоча адпомсціць Літве, і яго краіне давядзецца жыць ва ўмовах пастаяннай пагрозы. Вітаўтас Ландсбергіс кажа, што праект пабудовы Беларускай АЭС — гэта „агрэсія ў дачыненні Літвы...”. „Расія — ініцыятар ядзернай агрэсіі... Што датычыць Астраўца, то вайна ўжо ідзе. Калі мы хочам спыніць гэтую небяспеку, мы павінны адкрыта гаварыць пра гэта”, — такія нечаканыя рэчы агучвае Ландсбергіс.

Беларуская АЭС будуецца ў 30 кіламетрах ад мяжы з Літвой і ў 50 км ад Вільні. Літоўскія ўлады неаднаразова выказвалі занепакоенасць бяспекай станцыі.

аз