У размяшчэнні расійскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі „няма ні практычнага, ні палітычнага, ні ваеннага сэнсу”, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв'ю расійскаму агенцтву РБК, якое апублікаванае 1 кастрычніка на сайце МЗС.
Такім чынам Макей адрэагаваў на выказванні свайго расійскага калегі Сяргея Лаўрова пра тое, што адмова Беларусі размяшчаць расійскую ваенную базу з'яўляецца „непрыемным эпізодам”, паведамляе БелаПАН.
„Па-першае, што тычыцца каментарыя майго калегі Сяргея Лаўрова, то, напэўна, лепш звярнуцца да яго, каб удакладніць, што ён меў на ўвазе, кажучы такім чынам”, — прапанаваў Макей.
„Што тычыцца прыняцця самога рашэння па размяшчэнні ці не размяшчэнні базы, таго ці іншага ваеннага аб'екта ў Беларусі і магчымага ўплыву знешніх сіл на прыняцце гэтага рашэння, хачу сказаць адназначна: ніколі Беларусь не будзе прымаць нейкае прынцыповае рашэнне пад уплывам нейкіх вонкавых сіл. Калі кіраўніцтва Беларусі прымае рашэнне, то толькі зыходзячы з аналізу адпаведнасці гэтага нашым нацыянальным інтарэсам. Гэта асноўны прынцып”, — падкрэсліў Макей.
„Што тычыцца самой прапановы — размяшчаць або не размяшчаць базу на тэрыторыі Беларусі, — працягнуў міністр, — то з улікам развіцця сучасных тэхналогій няма сэнсу ў такім рашэнні”.
„Калі б Беларусь размясціла на сваёй тэрыторыі нейкія дадатковыя ваенныя аб'екты, я не думаю, што гэта спрыяла б умацаванню стабільнасці, бяспекі ў нашым рэгіёне”, — лічыць Макей.
„І потым, навошта размяшчаць на тэрыторыі Беларусі дадатковыя ваенныя аб'екты — ваенна-паветраную базу, пра якую ішла гаворка, — калі сёння тыя ж самыя ракеты могуць літаральна за лічаныя хвіліны дасягнуць іншага кантынента, зваротнага боку нашай планеты”, — сказаў кіраўнік МЗС.
Паводле яго слоў, пытанне размяшчэння базы на парадку дня адносінаў з Расіяй не стаіць.
аз