Беларуская Служба

У Беларусі «не ўяўляецца магчымым» зрабіць цалкам беларускамоўны дзяржаўны тэлеканал

10.10.2019 15:11
Петыцыю па гэтай справе на сайце Petitions.by падпісалі дзве сотні чалавек.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo:tookapic /pixabay.com/CC0 Public Domain

На сайце Petitions.by апублікаваны адказ на зварот з просьбай перавесці дзяржаўны тэлеканал „Беларусь-3” цалкам на беларускую мову. Петыцыю падпісалі дзве сотні чалавек, паведамляе „Свабода”.

Петыцыя з'явілася як адказ на дазвол вяшчання ў Беларусі расейскага „патрыятычнага” тэлеканалу „Ратник”. У Беларусі, адзначалі ў звароце, няма не толькі ніводнага патрыятычнага, а і ніводнага беларускамоўнага каналу.

Генеральны прадусар генеральнага прадусарскага цэнтру Дзяржтэлерадыёкампаніі Глеб Шульман адказаў на зварот: „У дадзены момант зрабіць канал поўнасцю беларускамоўным не ўяўляецца магчымым”.

Прычыны, з якіх гэта немагчыма, ён не назваў, але заявіў, што „Беларусь-3” „пастаянна працуе ў гэтым напрамку” — цяпер там „каля 30%” кантэнту выходзіць на беларускай мове, а гэта больш за 5 гадзінаў на дзень. Гэты канал — „самы беларускамоўны” з дзяржаўных, на астатніх яшчэ менш кантэнту па-беларуску.

Тым часам беларускамоўнаму тэлеканалу „Белсат”, які вяшчае з Польшчы, адмовілі ва ўключэнні ў беларускія тэлевізійныя кабельныя сеткі: на петыцыю аб гэтым намеснік гендырэктара „Беларусь-1” Сяргей Шышко адказаў, што „ў сетцы вяшчання прысутнічае шырокі пералік беларускамоўных перадачаў і рубрык”.

Стварыць беларускамоўны тэлеканал задумалі самі кабельныя аператары — з такой прапановай яны звярнуліся да дэпутаткі Алены Анісім, яна перадала прапанову міністру інфармацыі Аляксандру Карлюкевічу. Анісім кажа, што Карлюкевіч назваў прапановы цікавымі.

аз