КХП-БНФ падала заяўку ў Мінгарвыканкам і Мінскі аблвыканкам на правядзенне традыцыйных мемарыяльных мерапрыемстваў на Дзяды 3 лістапада.
Заяўнікі плануюць правядзенне шэсця і мітынга ў традыцыйным фармаце, паведамляе „Новы Час”.
У Беларусі Дзяды — дзень памінання продкаў, карані якога палягаюць у язычніцтве.
Палітычны фармат гэты дзень набыў 30 кастрычніка 1988 года, калі ўпершыню адбылося шэсце ў Курапаты. Такім чынам дзень памінання продкаў прыяднаўся да дня памяці ахвяр савецкіх рэспрэсій.
У той дзень каля Усходніх могілак міліцыя зладзіла брутальны разгон удзельнікаў акцыі, але не здолела спыніць шэсце да ўрочышча.
Летась шэсце на Дзяды ў Мінску прайшло ў трыццаты раз. Ужо традыцыйна ўдзельнікі збіраюцца ля Мінскага гадзіннікавага заводу блізу станцыі метро „Парк Чалюскінцаў”, і ідуць са сцягамі, крыжамі і кветкамі ва ўрочышча Курапаты, дзе адбываецца жалобны мітынг.
аз