Беларуская Служба

У Беларусі ініцыявалі кампанію супраць інтэграцыі з Расіяй

12.10.2019 09:54
Дамовы з Расеяй, якія маюць быць падпісаныя 8 снежня, пагражаюць суверэнітэту Беларусі.
Ініцыятыва "Свежы вецер"facebook.com/svezhyvecer

Гэта будзе «Аншлюс Беларусі», кажуць ініцыятары кампаніі «Свежы вецер». Яны дамагаюцца поўнай дэнансацыі саюзнай дамовы з Расеяй, піша Радыё Свабода.

«Я бачу, як тыя алгарытмы, якія былі задзейнічаныя ва Украіне ў 2014 годзе, адбываюцца і ў Беларусі. У Беларусі я цяпер чую тое самае, што чуў ва Украіне. Маўляў, гэтага быць ня можа. Відавочна, што Расея рыхтуецца да вайны. Я вырашыў ініцыяваць кампанію без удзелу палітыкаў, бо людзям яны абрыдлі. Пасля мы вырашылі падбіраць людзей, якія гатовыя працаваць», – сказаў ініцыятар кампаніі Сяргей Бульба.

Таксама ў кампанію ўваходзяць палітолаг Андрэй Ягораў, журналіст Міхась Янчук, філосаф Уладзімер Мацкевіч. Паводле Сяргея Бульбы, у кампаніі няма кіраўніцтва і лідараў, а «кожны, хто хоча, можа далучацца і можа нешта рабіць».

Паводле філосафа Уладзімера Мацкевіча, Расея даўно ставіла сваёй мэтай праглынуць Беларусь, але для гэтага не было адпаведнага моманту.

«Расея сёння – тэрыторыя суцэльнага бяспраўя, там можна атрымаць 7 гадоў за пікет каля калоніі і ўмоўны тэрмін за забойства затрыманага, калі ты сілавік. Яны забруджваюць інфармацыйную прастору, а таксама беларускія мазгі», – кажа Міхась Янчук, адзін з ініцыятараў кампаніі.

Ініцыятары кампаніі збіраюцца працаваць ня толькі ў інтэрнэце, але і кантактаваць непасрэдна з людзьмі.

Публічна падтрымаць кампанію вырашылі дзеячы культуры – гурты «Стары Ольса», «Дзецюкі», арганізатар канцэртаў Уладзімер Шаблінскі.

юл