Беларуская Служба

КХП-БНФ падала заяўку на правядзенне ў Мінску традыцыйнага шэсця ў Курапаты на «Дзяды»

14.10.2019 11:15
«Мы не можам здаць гэтае мерапрыемства. Плата, ня плата – гэта іншая тэма».
.
.kropekk_pl/pixabay.com/CC0


Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ падала заяўку на правядзенне 3 лістапада ў Мінску традыцыйнага шэсця і мітынгу ў месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты з нагоды дня памінання продкаў «Дзяды», паведамляе tut.by.

13 кастрычніка ў Мінску адказны сакратар КХП-БНФ і кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі на сустрэчы з прадстаўнікамі сталічных і рэгіянальных ініцыятываў па мемарыялізацыі месцаў масавага знішчэння часоў сталінізму паведаміў, што акцыя «адбудзецца нягледзячы ні на што».

«Мы не можам здаць гэтае мерапрыемства. Плата, ня плата (дзяржаўным службам за аказанне паслуг падчас масавага мерапрыемства. – БелаПАН) – гэта іншая тэма», – падкрэсліў ён.

Чахольскі прапанаваў прадстаўнікам рэгіянальных ініцыятываў сабраць сваіх актывістаў і далучыцца да мінскай акцыі на «Дзяды» з расцяжкамі, на якіх былі б указаны назвы месцаў масавых расстрэлаў, мемарыялізацыі якіх яны займаюцца. Такім чынам, на яго думку, будзе паказана, «што прыязджаюць людзі з усёй Беларусі і колькі такіх месцаў у краіне».

Заяўку на правядзенне традыцыйнага шэсця і мітынгу ў Лошыцкім яры ў памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій актывісты КХП-БНФ пакуль не падавалі. «Нам важна ў першую чаргу правесці «Дзяды» у Курапатах. Акрамя таго, у Лошыцкім яры можа быць іншы фармат», – сказаў адказны сакратар партыі.

fd