Беларуская Служба

Штучны рост эканомікі пацягне негатыўныя наступствы, лічаць эксперты

14.10.2019 12:11
Эксперты нагадваюць, што ўжо былі гады, калі крэдытаванне рэальнага сектара расло на дзясяткі працэнтаў у год.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Спробы штучна „разагрэць” беларускую эканоміку ў 2020 годзе будуць мець негатыўныя наступствы. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы дыскусію па гэтым пытанні на афіцыйным узроўні.

У верасні Аляксандр Лукашэнка не пагадзіўся з урадавым праектам эканамічнага прагнозу на 2020 год, які прадугледжваў рост ВУП на 2,5%, і даручыў падрыхтаваць „больш напружанае” заданне.

Паводле звестак БелаПАН, у сувязі з гэтым на дзяржаўным узроўні ў апошнія тыдні ўзнікла дыскусія па пытанні макраэканамічных параметраў на наступны год. Адна з прапаноў, якая абмяркоўваецца, — стымуляванне эканамічнага росту ў наступным годзе за кошт інвестыцыйнага крэдытавання.

„Спробы стымуляваць эканоміку за кошт інвестыцыйнага крэдытавання мы ўжо праходзілі. Ідэя раздаць танныя грошы прадпрыемствам не новая”, — адзначыла ў каментары БелаПАН навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Эксперты нагадваюць, што ў апошняе дзесяцігоддзе былі гады, калі крэдытаванне рэальнага сектара расло на дзясяткі працэнтаў у год.

„У выніку мы атрымалі высокую закрэдытаванасць прадпрыемстваў, але асаблівага эфекту ад гэтых інвестыцый не адчулі. Тэмпы эканамічнага росту застаюцца нізкімі”, — канстатаваў старшыня назіральнага савета Даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась.

На яго думку, няма асаблівага сэнсу чарговы раз стымуляваць рост ВУП за кошт павелічэння інвестыцый у рэальны сектар эканомікі. „Мы атрымаем кароткатэрміновы ўсплёск эканомікі, але ўстойлівага росту такая інвестыцыйная палітыка не прынясе, бо эфектыўнасць выкарыстання фінансавых рэсурсаў у краіне пакідае жадаць лепшага”, — адзначыў Пеліпась.

Штучнае стымуляванне эканомікі, лічаць эксперты, можа прывесці да негатыўных наступстваў.

„Інвестыцыйнае крэдытаванне, улічваючы высокую імпартаёмістасць нашай эканомікі, выкліча рост імпарту. Адпаведна, такое развіццё падзей можа прывесці да націску на плацежны баланс і валютны рынак”, — мяркуе Тачыцкая.

На яе думку, ад мэтавых заданняў па росце ВУП варта адмовіцца. „Варта перастаць таргетаваць лікавыя параметры і пачаць думаць, як нам павышаць эфектыўнасць эканомікі”, — падкрэслівае Тачыцкая.

Пры адсутнасці структурных пераўтварэнняў патэнцыял эканомікі будзе заставацца нізкім, заўважаюць эксперты.

„У выпадку захавання існага патэнцыялу эканамічны рост можа складаць 1—2% на год. Значна больш высокія значэнні ў цяперашніх умовах могуць быць толькі штучнымі”, — перакананы Пеліпась.

аз