Беларуская Служба

Амерыканскі бок ініцыяваў сустрэчу ў Мінску з дзяржсакратаром Саўбезу

30.10.2019 08:45
Часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў дала неабходныя тлумачэнні пра будучыя вучэнні NATO, пра склад і прыцягнутыя сілы, сродкі. 
Падчас сустрэчы / БЕЛТА.

29 кастрычніка ў Мінску адбылася сустрэча дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Станіслава Зася і часовага паверанага ў справах ЗША ў нашай краіне Джэніфер Мур, перадае Еўрарадыё.

Сітуацыя з прыбыццём амерыканскай вайсковай тэхнікі на палігон у Літве недалёка ад беларускай мяжы і будучыя вучэнні NATO нядаўна абмяркоўвалася на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што "30 танкаў і 30 бронемашын — гэта проста смешна супраць беларускай арміі". Аднак назваў сітуацыю "дэманстрацыйным крокам" і даручыў распрацаваць план па рэагаванні. Тым часам дзяржаўныя СМІ Беларусі шмат паведамляюць пра "амерыканцаў у Літве". Генсек NATO і прэзідэнт Літвы супакойвалі беларускае кіраўніцтва: амерыканцы ў Літве толькі для абароны.

Зась і Мур абмеркавалі гэтую сітуацыю. Часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў дала неабходныя тлумачэнні пра будучыя вучэнні NATO, пра склад і прыцягнутыя сілы, сродкі. Пра тэрміны вяртання амерыканскіх вайскоўцаў да месцаў іх пастаяннай дыслакацыі. Была дасягнута дамоўленасць пра працягненне дыялогу.

эж