Беларуская Служба

Ганаровы старшыня ПЭН-Цэнтра Лявон Баршчэўскі выйшаў з арганізацыі

30.10.2019 14:49
Адбылося гэта пасля паседжання Рады, на якім з ПЭНа зноў выключылі палітыка Паўла Севярынца.
 -
Беларускі ПЭН-цэнтрфота: www.pen-centre.by

Філолаг і перакладчык, заснавальнік Коласаўскага гуманітарнага ліцэя Лявон Баршчэўскі выйшаў з Беларускага ПЭН-Цэнтра. Адбылося гэта пасля паседжання Рады, на якім з ПЭНа зноў выключылі палітыка Паўла Севярынца - піша Наша Ніва.

Лявон Баршчэўскі узначальваў ПЭН-Цэнтр у 2003-2005 гадах, а пасля атрымаў статус «ганаровы старшыня». На з'ездзе 27 кастрычніка 2019 года ён увайшоў у кіраўніцтва арганізацыі, стаўшы сябрам Рады.

«Рашэнні ў Радзе трэба прымаць аднагалосна, я зразумеў, што буду гэтаму перашкаджаць, — пракаментаваў «Нашай Ніве» свой выхад з ПЭНа спадар Баршчэўскі. — Я б пакінуў Раду і застаўся ў арганізацыі, але статут гэтага не прадугледжвае: можна выйсці або з ПЭН-Цэнтра, або ніяк. Мне прыйшлося выйсці. Больш каментаваць не буду — так дамоўлена».

Спроба Баршчэўскага знайсці кампраміс у арганізацыі, выклікала рэзкую крытыку з боку леваліберальнага крыла, якое патрабавала выключэння Паўла Севярынца. Праціўнікаў выключэння абвінавацілі ў гамафобіі. 

За апошні час пра выхад з арганізацыі з розных прычын заявілі заснавальнік курсаў «Мовананова», журналіст і паэт Глеб Лабадзенка, рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько, пісьменнік Вінцэсь Мудроў, перакладчыца і літаратарка Наталька Харытанюк.

нг