Беларуская Служба

«Белкамунмаш» паставіць у Марыупаль 72 тралейбусы за 13,3 млн. еўра

30.10.2019 16:20
Цягам 2016–2018 гадоў Беларусь паставіла ва Украіну 120 тралейбусаў – яны ўжо курсуюць па вуліцах Адэсы, Дняпра, Краматорску, Хмяльніцкага, Роўна, Сумаў і Івана-Франкоўску.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay/Clker-Free-Vector-Images/Creative Commons

Супольнае беларуска-ўкраінскае прадпрыемства «БКМ-Україна», якое з'яўляецца афіцыйным дылерам менскага холдынгу «Белкамунмаш», выйграла тэндар на пастаўку ў Марыупаль 72 тралейбусаў за 13,3 мільёна еўра.
Тэндар праводзіўся Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця ў межах крэдытнай праграмы, зацверджанай украінскім урадам на абнаўленне муніцыпальнага электрычнага транспарту - паведамляе Свабода.

Агульны памер крэдыту складае 350 мільёнаў еўра.

Марыупаль стаў дзявятым горадам, які скарыстаўся фінансавымі магчымасцямі ЕБРР для абнаўлення тралебуйснага парку. Дагэтуль у горадзе па 12 маршрутах курсавалі 46 тралейбусаў.

Цягам 2016–2018 гадоў Беларусь паставіла ва Украіну 120 тралейбусаў – яны ўжо курсуюць па вуліцах Адэсы, Дняпра, Краматорску, Хмяльніцкага, Роўна, Сумаў і Івана-Франкоўску.

Беларуска-ўкраінскае прадпрыемства «БКМ-Україна» заяўляла аб намеры цягам 2019 году ўзяць удзел яшчэ ў некалькіх аналагічных тэндарах – у Крэменчуку, Крывым Розе, Жытоміры, Палтаве, Луцку, Херсоне і Мікалаеве.
Напярэдадні ў Марыупалі адбыўся вялікі інвестыцыйны форум, на якім урад Украіны падпісаў яшчэ адзін мемарандум з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця – аб выдзяленні крэдыту памерам 300 мільёнаў еўра на фінансаванне рамонту і будаўніцтва рэгіянальных аўтамабільных магістраляў.

Згодна з дакумэнтам, крэдытныя сродкі будуць выдаткоўвацца пад гарантыі мясцовых уладаў. Прадугледжваецца, што першы такі праект будзе рэалізаваны ў Херсонскай вобласці.

нг