Беларуская Служба

Кіраўнікі памежных ведамстваў Беларусі і Польшчы дамовіліся аб актывізацыі супрацы

02.11.2019 15:45
Размова на сустрэчы таксама ішла аб донарскіх праектах, у прыватнасці аб праграме PL-BY-UA 2014-2020 «Транспамежавае супрацоўніцтва», якая рэалізуецца ў рамках Еўрапейскага інструменту суседства.
Ілюстрацыяhttps://www.bieszczadzki.strazgraniczna.pl/bie/aktualnosci/33647,Hinduski-kanal-przerzutowy-w-Bieszczadach-rozpracowany-przez-SG.html

Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Анатоль Лапо і галоўны камендант Памежнай варты Польшчы Томаш Прага падчас рабочай сустрэчы 31 кастрычніка ў Варшаве абмеркавалі становішча на беларуска-польскай дзяржаўнай мяжы, прааналізавалі стан яе аховы і абмяняліся інфармацыяй аб супрацьдзеянні злачыннай дзейнасці сёлета, паведамляе прэс-цэнтр Дзяржпагранкамітэта Беларусі, перадае Радыё Рацыя, спасылаючыся на Белапан.

«Бакі падкрэслілі, што сітуацыя стабільная і кантраляваная. Разам з тым негатыўныя працэсы, звязаныя з незаконнай міграцыяй і перамяшчэннем тавараў цераз мяжу, наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам абедзвюх дзяржаў і патрабуюць сумесных намаганняў», – гаворыцца ў паведамленні.
На агульным участку мяжы за дзевяць месяцаў гэтага года беларускімі памежнікамі затрымана 140 незаконных мігрантаў, выяўлена 25 спробаў увозу ў Беларусь наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў масай больш за 214 кг.

Размова на сустрэчы таксама ішла аб донарскіх праектах, у прыватнасці аб праграме PL-BY-UA 2014-2020 «Транспамежавае супрацоўніцтва», якая рэалізуецца ў рамках Еўрапейскага інструменту суседства. Бакі прынялі рашэнне аб падрыхтоўцы праекта плана супрацы паміж пагранічнымі службамі дзвюх краін, у тым ліку на ўзроўні экспертаў. Наступная сустрэча кіраўнікоў памежных ведамстваў Беларусі і Польшчы запланаваная на другое паўгоддзе 2020 года.

эж