Беларуская Служба

Беларусь скарачае датацыі на грамадскі транспарт

03.11.2019 15:43
У абсалютных лічбах субсідаванне грамадскага транспарту скарачаецца на 22,6 мільёна рублёў: з 315,1 млн да 292,5 млн
Мінскі тралейбус https://euroradio.fm/

У праект бюджэту Беларусі на 2020 год закладзена зніжэнне дзярждатацый на грамадскі транспарт. У будучым годзе дзяржава мае намер выдаткаваць на гэта ўсяго 93,6% ад узроўню 2019 года. У абсалютных лічбах субсідаванне грамадскага транспарту скарачаецца на 22,6 мільёна рублёў: з 315,1 млн да 292,5 млн, перадае Еўрарадыё.

Такім чынам, урад зэканоміць на гарадскіх пасажырскіх перавозках больш за $10 млн. Рэгіёны гэтага не заўважаць: туды плануецца накіраваць нават больш грошай, чым раней, а доля субсідавання захаваецца на ўзроўні 20%. А вось мінсукам ў 2020 годзе, мяркуючы па ўсім, давядзецца больш плаціць за талончыкі і за жэтончыкі метро.

Апошні раз праезд у грамадскім транспарце даражэў ў Мінску ў 2017 годзе. Паводле дадзеных на 2018 год, жыхары сталіцы аплачвалі крыху больш за 60% ад рэальнага кошту талончыкаў і каля 75% ад рэальнага кошту жэтонаў метро, астатняе субсідавала дзяржава. У 2020 годзе сітуацыя зменіцца: доля дзяржсубсідый знізіцца да 30% для аўтобусных перавозак, да 35% для перавозак электратранспарту і да 10% для метрапалітэна.

эж