Беларуская Служба

Дзмітрый Мядзведзеў назваў дзіўнымі выказванні Лукашэнкі пра «чужыя» для Беларусі войны

04.11.2019 15:49
«Мы ні ў якім разе не павінны кідаць хоць нейкі цень на подзвіг нашых продкаў, якія абаранялі сваю зямлю. Яны жылі на тэрыторыі сучаснай Расіі або Беларусі, але абаранялі сваю зямлю ад захопнікаў».
Dmitrij Miedwiediew
Dmitrij Miedwiediewpixabay

Прэм'ер Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што яму дзіўна чуць выказванні, падобныя заяве Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што яго краіну ўцягвалі ў розныя войны, нагадаўшы, што ў гэтых канфліктах агульныя продкі баранілі сваю зямлю ад інтэрвентаў, паведамляе Наша Ніва, спасылаючыся на Інтэрфакс.

«Мы ні ў якім разе не павінны кідаць хоць нейкі цень на подзвіг нашых продкаў, якія абаранялі сваю зямлю. Яны жылі на тэрыторыі сучаснай Расіі або Беларусі, але абаранялі сваю зямлю ад захопнікаў», — сказаў ён на прэс-канферэнцыі па выніках свайго ўдзелу ў дзелавым інвестыцыйным саміце АСЕАН і ўсходнеазіяцкім саміце.

Па словах кіраўніка расійскага ўрада, так было і ў 1812 годзе, так было і ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны.

Раней у інтэрв'ю казахстанскаму тэлеканалу «Хабар», кажучы пра Вайну 1812 года, Першую сусветную і Другую сусветную, Лукашэнка заявіў: «Гэта не нашы былі войны».

эж