Беларуская Служба

У Гродне адбылася прэзентацыя кнігі, напісанай на падставе дзённікаў супрацоўніка НКУС

10.11.2019 16:55
Каб кніга з’явілася ў свет, беларусы збіралі грошы праз краўдфандынг і сабралі ў некалькі разоў больш за запланаваную суму.
Галаўныя ўборы супрацоўнікаў НКВДфота: Pixabay/AlLes/Creative Commons

У Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця прадставілі кнігу „Дзеннікі супрацоўніка НКУС” – паведамляе Радыё Рацыя.

Аўтарка кнігі журналістка Анастасія Зелянкова падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы:

Гарадзенцам, таксама, як і ўсім беларусам, гэтая тэма вельмі важная, бачна, што людзей гэта кранае, што для людзей вось гэта якраз праз нейкія лёсы сваіх сваякоў прасякнута. Таму было, як кажуць, людзям што пра сябе расказаць, пра свае сем’і і спытацца. Увогуле я думаю, што гэта кніга цікавая для ўсіх.

На думку журналісткі, асноўнай цяжкасцю пры стварэнні кнігі была праца ў архіве КДБ:

Трапіць у архіў, знайсці дакументы на гэтага чалавека, таму што прыйшлося там рабіць і даведкі, пацвярджаць сваяцтва ўнуку, потым даваць мне даверанасць, потым не так усё проста. Не адразу, калі ты заносіш дакументы, ты трапляеш у гэты архіў, на гэта таксама патрэбны вялікі час. І зноў такі, ці зможаш якую інфармацыю атрымаць у тым архіве, бо высвятляецца, што не хочуць нашыя спецслужбы даваць інфармацыю людзям.

Кніга напісана па рукапісах былога супрацоўніка НКУС Іосіфа Ятчэні. Ён апісвае сваё жыццё, якое праходзіла на фоне ключавых падзей гісторыі. Каб кніга з’явілася ў свет, беларусы збіралі грошы праз краўдфандынг і сабралі ў некалькі разоў больш за запланаваную суму.