Беларуская Служба

Вярхоўны суд не адмяніў смяротнае пакаранне забойцу дзвюх пенсіянерак

12.11.2019 16:21
Суд не ўзяў пад увагу довады Віктара Паўлава і яго адвакатаў ды пацвердзіў смяротны прысуд.
СудMasterTux/pixabay.com/CC0 Public Domain

Вярхоўны суд не адмяніў смяротны прысуд вынесены Віктару Паўлаву, асуджанаму за жорсткае забойства двух чалавек. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова, паведамляе „Еўрарадыё”.

Паўляў і яго абаронцы падавалі апеляцыю на прысуд Віцебскага абласнога суда ад 30 ліпеня 2019 года.

Як паведамлялася раней, мужчына забіў у вёсцы Прысушына на Віцебшчыне дзвюх пенсіянерак — 78 і 76 гадоў. Паведамлялася, што Паўлаў рамантаваў будынак у іх гаспадарцы і палічыў, што жанчыны недаплацілі яму пэўную сум. Самі ж яны казалі, быццам кармілі яго абедамі на тыя ж грошы. Разлютаваны мужчына забіў абедзвюх пенсіянерак паленам.

У сваёй апеляцыі Паўлаў звяртаў увагу на яўку з павіннай і актыўнае супрацоўніцтва са следствам.

Суд не ўзяў пад увагу довады Паўлава і яго адвакатаў ды пацвердзіў смяротны прысуд. Вырак набыў законную моц.

аз