«Усе, хто зараз падтрымлівае беларускі народ, – гэта Касцюшка», – сказала ў чацвер у Вашынгтоне лідарка дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі Святлана Ціханоўская. Ціханоўская ўсклала кветкі да помніка Тадэвушу Касцюшку разам з пасламі Польшчы і Літвы ў ЗША. Прысутнічала таксама амерыканскі пасол у Беларусі Джулі Фішэр, - паведамляе dziennik.pl
- Тадэвуш Касцюшка – герой, якога памятаюць як змагара за правы чалавека ва ўсіх нашых краінах: у ЗША, Літве, Польшчы і Беларусі. Ён герой, які нас аб'ядноўвае – сказала Ціханоўская падчас цырымоніі ў парку Лафает каля Белага дома.
Яна дадала, што Касцюшка, якога назвала «героем Польска-Беларуска-Літоўскай Рэспублікі», зʼяўляецца ўзорам для «мільёнаў беларусаў», якія, як і ён, змагаюцца – хай і мірна – за «свабоду і за будучыя пакаленні».
- Як і Касцюшка, у іх ёсць смеласць дзейнічаць. Мы пішам сваю гісторыю гэтак жа, як ён, – сказала Ціханоўская.
«На дадзены момант мы ўсе тут Касцюшкі, таму што выступаем за правы чалавека, агульныя каштоўнасці і вяршэнства закона. Той, хто займаецца падтрымкай беларусаў – таксама Касцюшка», – дадала лідарка беларусаў.
Пасол Польшчы ў ЗША Пётр Вільчэк заявіў, што ініцыятыва цырымоніі каля помніка Тадэвушу Касцюшку ў Вашынгтоне выйшла ад Ціханоўскай.
Польскі дыпламат падарыў Ціханоўскай шпільку з выявай Тадэвуша Касцюшкі.
Пра свой візіт ў Вашынгтон народны абраны кіраўнік Беларусі сказала, што Амерыка ўжо ў вялікай ступені дапамагае беларусам, і што ў выніку яе візіту дапамога будзе яшчэ большай.
У Вашынгтоне, сярод іншага, Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком амерыканскай дыпламатыі Антоні Блінкенам, дарадцам па нацыянальнай бяспецы Джакам Саліванам, а таксама з сенатарамі і кангрэсменамі абедзвюх партый.
яс/dziennik.pl