Беларуская Служба

У Беларусі асудзілі грамадзян Расіі ды Украіны

20.09.2021 16:53
Іх абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку ды ўдзеле леташніх пратэсных Маршах.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Ichigo121212 from Pixabay

У панядзелак у Маскоўскім судзе Брэста на 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі асудзілі грамадзянку Расіі Ірыну Вікхольм за паклёп на Лукашэнку.

Жанчыну затрымалі 28 траўня за паведамленне ў Twitter, дзе была змешчана спасылка на матэрыял Рускай службы BBC пра інцыдэнт з самалётам Ryanair і затрыманнем Рамана Пратасевіча. Вікхольм падпісала рэпост так: "Чарговае злачынства Лукашэнкі: акт дзяржаўнага авіяпірацтва", пры гэтым выраз "акт дзяржаўнага авіяпірацтва" - цытата з тэксту BBC. Ірына сваёй віны не прызнала.

У Мінску тры гады калоніі прысудзілі 33-гадоваму палітзняволенаму грамадзяніну Украіны Міхаілу Феранцу. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў трох леташніх Маршах, а таксама ў арганізацыі шляхам адміністравання тэлеграм-канала "Смелыя людзі" нанясення пратэстных надпісаў і малюнкаў, вывешвання БЧБ-стужак у дварах Фрунзенскага раёна Мінска.

Феранца які ў Беларусі жыве ўжо дзевяць гадоў, затрымалі 16 верасня мінулага года, сем месяцаў яго трымалі як замежніка ў чаканні высылкі з краіны ў ІЧУ на Акрэсціна. Аднак замест адпраўкі на радзіму яму выставілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА-1. Пры гэтым у тэрмін пакарання сямімесячнае ўтрыманне на Акрэсціна яму не залічылі. Віну палітвязень на судзе не прызнаў, адмовіўся ад дачы паказанняў, але выступіў з моцным апошнім словам, у якім распавёў, у тым ліку, пра псіхалагічны і фізічны гвалт з боку сілавікоў, а таксама пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання цягам гэтых месяцаў на Акрэсціна.

юл