Беларуская Служба

Анджэй Пачобут другі раз стаў журналістам года ў Польшчы

08.12.2021 12:59
Палітвязень Анджэй Пачобут, які знаходзіцца ў турме, атрымаў галоўную журналісцкую прэмію Польшчы - Grand Press 2021.
     Grand Press 2021,       -2021
У Польшчы адбылася ўрачыстая цырымонія Grand Press 2021, на якой Анджэя Пачобута прызналі «Журналістам года-2021»Фота з адкрытых крыніц

У Польшчы адбылася ўрачыстая цырымонія Grand Press 2021, на якой Анджэя Пачобута прызналі «Журналістам года-2021».

Гэта ўжо другое такое прызнанне для журналіста, папярэдні раз яго ўзнагародзілі гэтай прэміяй у 2011 годзе.

Намеснік галоўнага рэдактара Gazety Wyborczej Яраслаў Курскі, які атрымаў узнагароду ад імя Пачобута, сказаў, што сітуацыя з журналістам ёсць «сведчаннем таго, што свабода слова ня мае цаны і не падлягае абмеркаванню».

Таксама сёлета ў жніўні Пачобута завочна ўзнагародзілі ў Польшчы Медалём свабоды слова.

48-гадовы Анджэй Пачобут – вядомы журналіст і грамадкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ). Прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе. Працаваў у першых незалежных гарадзенскіх газетах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», газеце «Народная воля», газеце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёмана»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам выдання Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, звязанымі з гісторыяй спецслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміі Краёвай.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі з ператрусам і затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідаюць «распальванне нацыянальнай варожасці» і «рэабілітацыю нацызму».

Пазней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызвалення ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У той жа час іншыя актывісткі – Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава – гэтай магчымасцю скарысталіся, іх без дакументаў, у парушэнне ўсіх правілаў, вывезлі ў Польшчу.

БАЖ / вх