Беларуская Служба

У 20 км ад мяжы з Польшчай рэжым Лукашэнкі пачаў будаваць умацаванні

20.06.2023 13:34
Ідзецца пра будаўніцтва сістэмы акопаў, траншэй і бліндажоў, абсталяванне агнявых пазіцый.
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/Hajun_BY

Паводле інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у ваколіцах вёскі Сакі (Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці) пачаліся работы па інжынерным абсталяванні агнявых пазіцый, якія ўключаюць у сябе будаўніцтва сістэмы акопаў, траншэй і бліндажоў. Зыходзячы з маштабаў будаўніцтва можна зрабіць выснову, што пакуль размова ідзе аб будаўніцтве апорнага пункта, які можа быць элементам умацаванага раёна.

На будаўніцтве апорнага пункта задзейнічаная, у тым ліку і цяжкая будаўнічая тэхніка (экскаватары, аўтакраны). Для абсталявання апорнага пункта плануюць выкарыстоўваць «зубы дракона», аўтамабільныя покрыўкі, дошкі, бярвёны, а таксама бетонныя блокі. У працах бяруць удзел як «грамадзянскія» будаўнікі, так і беларускія вайскоўцы.

Адзначым, што адлегласць ад месца будаўніцтва да горада Жабінка складае 5 кіламетраў, да мяжы з Польшчай – 28 кіламетраў, а да мяжы з Украінай – 47 кіламетраў адпаведна.

Крыніца: Беларускі Гаюн